Віктар Лукашэнка ў Катары правёў перамовы з шэйхам-прэм'ерам. Мінск маўчыць пра гэты візіт

Прэм'ер-міністр і міністр унутраных спраў Катара шэйх Халід Бэн Халіфа Бэн Абдэль Азіз Аль Тані 7 лістапада сустрэўся з Віктарам Лукашэнкам, паведаміла мясцовае выданне The Peninsula.

dokha.jpg


Сын Лукашэнкі прыбыў у краіну ў якасці спецпасланніка пры Савеце супрацоўніцтва краін Персідскага заліва і прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, адзначае Telegraf.

Падрабязнасці перамоваў газета не паведамляе. У публікацыі толькі згадваецца, што шэйх і Віктар Лукашэнка «абмеркавалі двухбаковыя адносіны паміж дзвюма краінамі і шляхі іх умацавання і развіцця». Акрамя таго, яны разгледзелі пытанні, якія маюць агульны інтарэс.

У НАК Беларусі не паведамляюць пра візіт Віктара Лукашэнкі ў Катар. Паводле інфармацыі сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, 2 лістапада старэйшы сын Лукашэнкі паляцеў ва Узбекістан.

Раней ірацкае выданне Kurdistan24 паведаміла, што ў гэтай краіне знаходзіцца дэлегацыя МЗС Беларусі на чале з паслом Беларусі Віктарам Рыбаком. МЗС Беларусі тады візіт таксама ніяк не каментаваў.

Нагадаем, на днях у Іраку зачынілі ўсе ганаровыя консульствы Беларусі. Улады Ірака не сталі раскрываць прычыны такога кроку. Аднак мясцовыя СМІ пішуць пра крызіс нелегалаў у Беларусі, у якім удзельнічаюць грамадзяне Ірака. І ўладам гэтай краіны гэта не падабаецца.