За Паўлам Вінаградавым зноў устанавілі прэвентыўны нагляд

"На шлях выпраўлення Вінаградаў не стаў, падтрымлівае сувязь з раней судзімымі", ― такім чынам абвінаваўца тлумачыў неабходнасць усталяваць прэвентыўны нагляд над актывістам.

vinahradau_1.jpg



За грамадскім актывістам Паўлам Вінаградавым зноў устанавілі прэвентыўны нагляд. На 6 месяцаў. Такое рашэнне ў аўторак прыняў суд Маскоўскага раёна Мінска.

 

14 верасня ў Вінаградава гасіцца судзімасць і, згодна беларускаму заканадаўству, нагляд над ім павінен спыніцца. На судзе актывіст звяртаў увагу суддзі Сушко на гэту акалічнасць, аднак суддзя вырашыў нагляд устанавіць нягледзячы на тое, што да 14 верасня засталося значна менш часу, чым 6 месяцаў.

 

"На шлях выпраўлення Вінаградаў не стаў, падтрымлівае сувязь з раней судзімымі", ― такім чынам абвінаваўца тлумачыў неабходнасць усталяваць прэвентыўны нагляд над актывістам.

 

Як мінімум да 14 верасня Павел Вінаградаў павінен знаходзіцца дома з 19.00 да 7.00. Акрамя гэтага, яму забаронена выязджаць з Беларусі. З Мінска можна з'ехаць толькі атрымаўшы дазвол у міліцыі.

 

Вінаградаў быў асуджаны па справе Плошчы 19 снежня 2010-га на чатыры гады пазбаўлення волі. У верасні 2011-га ён выйшаў на волю ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы аб памілаванні. За Паўлам Вінаградавым устанавілі прэвентыўны нагляд на 3,5 гады. З-за таго, што актывіста неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, нагляд яму працягнулі яшчэ на паўгода. Прэвентыўны нагляд з яго знялі ў лістападзе 2015 года, пасля гэтага ён стаяў на ўліку ў Маскоўскім РУУС сталіцы.

 

Цяпер жа, як мяркуе Вінаградаў, падставай для ўстанаўлення прэвентыўнага нагляду маглі стаць тры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.


euroradio.fm