Зянон Пазьняк назваў правакацыяй план Статкевіча на 25 сакавіка

Агучаны Мікалаем Статкевічам план правядзення вулічнай акцыі ў Мінску 25 сакавіка сведчыць аб тым, што «няма ніякага плана», заявіў лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазьняк у эфіры тэлеканала "Белсат".

Зянон Пазняк

Зянон Пазняк


Паводле яго слоў, незразумела, што гэта будзе — святкаванне Дня Волі або пратэст супраць дэкрэта «аб дармаедстве».
«Я бачу чыста правакацыйны праект», — сказаў Пазьняк, маючы на ўвазе прапанову Статкевіча прайсці па цэнтральным праспекце і толькі затым вызначыцца, што рабіць далей. Ён адзначыў, што падобныя акцыі з удзелам Статкевіча былі і раней: «Марш свабоды” ў 1999 годзе, калі той «завёў усіх у тупік і ўсіх разагналі», і акцыя 19 снежня 2010 года, дзе палітык «аператыўна ўдзельнічаў у правакацыі».
Пазьняк растлумачыў, што з дапамогай такіх выступленняў улада вылічае незадаволеных і пачынае ганенні на іх. У сувязі з гэтым ён нагадаў таксама пра акцыі маўклівага пратэсту ў 2011 годзе, арганізатарам якіх, як высветлілася пазней, быў прыхільнік «рускага свету». Таму, што Статкевіч адседзеў у турме даўжэй за іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, лідар КХП-БНФ заклікаў не надаваць значэння. Паводле яго слоў, залежных людзей улада не толькі саджае, але і страляе ў іх, а, напрыклад, падпалкоўніка ФСБ Расеі Аляксандра Літвіненку наогул атруціла палоніем.
Галоўнай дзеючай асобай акцыі 25 сакавіка Пазьняк назваў беларускі народ, які, паводле яго слоў, павінен самаарганізавацца, каб пазбегнуць правакацый і нападаў, а таксама «абмежаваць дзеянні аднаго чалавека», выбраўшы «агульнае кіраўніцтва мітынгу». На думку палітыка, у правакацыях зацікаўлена Расея, каб пагоршыць адносіны Аляксандра Лукашэнкі з Захадам і ў яго не заставалася іншага шляху, як «толькі ў Маскву».
«Не буду каментаваць палітыкаў, якія калісьцт эмігрыравалі і якія, замест таго каб дапамагаць, спрабуюць паказаць сваё лідарства і там, — заявіў Мікалай Статкевіч. — Людзі з’язджалі адсюль па розных прычынах. Ёсць тыя, хто імкнецца дапамагчы, а ёсць тыя, хто толькі аблівае брудам і зайздросціць чужой смеласці».

Паводле слоў палітыка, чым бліжэй да 25 сакавіка, тым больш будзе падобнай «каламуты» з боку ўлады. У той жа час у беларускага народа ёсць шанец «выйсці з тупіка» і паказаць, што прыхільнікаў пераменаў «вельмі шмат». З нагоды «Марша свабоды» ў 1999 годзе Статкевіч адзначыў, што гэта — «вялікая дата ў найноўшай гісторыі». Пасля гэтай акцыі «спынілася выкраданне палітыкаў», а ўлада «змяніла рыторыку» і перастала »нахабна гандляваць незалежнасцю краіны».
Паводле «Радыё Рацыя»