Зміцер Дашкевіч працягвае збор подпісаў (фота, відэа)
Адразу пасля вызвалення з Першамайскага РУУС Зміцер Дашкевіч далучыўся да пікету па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу
статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Акцыю па зборы подпісаў перыядычна здымалі на відэа супрацоўнікі ў цывільным. Нягледзячы на гэта, мінакі (актывісты збіралі подпісы ў пераходзе каля станцыі метро Кастрычніцкая) даволі актыўна падпісваліся пад адпаведным зваротам у Міністэрства культуры.
Міліцыянт
паспрабаваў ці то ўзяць тлумачэнні, ці то скласці пратакол на Змітра Дашкевіча,
але паколькі праваахоўнік не здолеў камунікаваць на дзяржаўнай беларускай мове,
паразумецца не атрымалася. Тым не менш, за сённяшні дзень было складзена каля
пяці пратаколаў паводле артыкула 23.34 КоАП (“несанкцыяваныя мерапрыемствы”).
Нагадаем, каля 10 гадзін раніцы
Зміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі былі затрыманыя міліцыянтамі. Як выявілася
з імі некалькі гадзін адпаведна ў Першамайскім і Цэнтральным РУУСах праводзіліся
“размовы”. Верагоднай прычынай часовай ізаляцыі актывістаў стаў праезд калоны
байкераў па праспекту Незалежнасці на чале з Лукашэнкам, а не ўласна
збор подпісаў, як меркавалася раней.
Акцыя па збору подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці распачалася 19 верасня. За гэты час на пікеце, які ладзіць Малады фронт у цэнтры Мінска, сабрана больш за тысячу подпісаў.