ЗША адмянілі санкцыі супраць «БелОМА». Мінск задаволены
Дзярждэп ЗША не стаў працягваць санкцыі ў дачыненні да ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне» (БелОМА), якія былі ўведзеныя ў траўні 2011 году.
Раней паведамлялася, што на днях ЗША адмянілі дзеянне санкцый у дачыненні да кампаніі «Белтэхэкспарт».
Сутнасць санкцый заключалася ў тым, што ўрадавыя ведамствы ЗША на працягу двух гадоў не маглі набываць у гэтых кампаній або пастаўляць ім тавары
і паслугі, а таксама аказваць ім падтрымку. Падставай для ўвядзення санкцый стала інфармацыя, якая ўказвала на тое, што гэтыя кампаніі перадавалі ў Іран,
Паўночную Карэю ці Сірыю альбо атрымлівалі з гэтых краін «абсталяванне і тэхналогію, названую ў спісах кантролю за шматбаковым экспартам, або
іншым чынам мелі магчымасць зрабіць матэрыяльны ўнёсак у зброю масавага знішчэньня ці сістэм крылатых і балістычных ракет».
«Мы з задавальненнем адзначаем гэтыя дзеянні амерыканскага боку. Мы заўсёды лічылі і лічым, што аднабаковыя санкцыі з'яўляюцца
непрымальнымі», — так пракамэнтавала рэакцыю беларускіх уладаў намесьніца начальніка ўпраўлення інфармацыі, начальніца прэс-службы МЗС Беларусі Марыя
Ваньшына.
«БелОМА» створана ў 1971 годзе на базе Мінскага механічнага заводу ім. Вавілава, вырабляе прыцэлы і прыборы навядзення да бранятанкавай
тэхніцы, стралковай зброі, гранатамётаў, прыборы начнога бачання. Больш за 60% аб’ёму прадукцыі экспартуецца ў краіны СНД, Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Блізкага
Ўсходу. Аб’яднаньне ўваходзіць у ААТ «Пеленг» — вядучае праектна-канструктарскае прадпрыемства Беларусі ў галіне
оптыка-электроннага прыборабудавання. Уваходзіць таксама ў склад Дзяржваенпраму Беларусі.
Расійскае федэральнае касмічнае агенцтва прапаноўвала Беларусі прадаць долю дзяржавы ў ААТ «Пэленг». У статутным фондзе ААТ «Пеленг» доля
дзяржавы складае 48,9%, 51,1% акцый належыць працаўнікам прадпрыемства.
Кампанія «Белтэхэкспарт» створана ў 1993 годзе і зьяўляецца найбуйнейшым у Беларусі аператарам экспарту і імпарту прадукцыі вайсковага
прызначэння. Значную долю ў аб’ёме экспарту кампаніі займае прадукцыя вайсковага прызначэння, якая выпускаецца прадпрыемствамі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.
Паводле дадзеных Дзярждэпу ЗША, у цяперашні час у рамках санкцый, накіраваных на абмежаванне вайсковага патэнцыялу Ірану, Паўночнай Карэі і Сірыі, працягваюць
дзейнічаць санкцыі ў дачыненні да трох беларускіх кампаній. Сярод іх: «Белзнешпрамсэрвіс» (санкцыі ўведзеныя ў снежні 2011 году тэрмінам
на 2 гады), кампанія «ТМ Сэрвіс» і рэспубліканскае навукова-прамысловае ўнітарнае прадпрыемства
КБ «Радар» (санкцыі ў дачыненні да абодвух уведзены ў лютым 2013 году таксама тэрмінам на 2 гады ).
Паводле агенцтва «Интерфакс-Запад»