ЗША: Пуцінскі мірны план — гэта план акупацыі

Пастаянны прадстаўнік ЗША ў ААН Саманта Паўэр заявіла, што мірны план Расіі, які яна навязвае Украіне,  гэта план акупацыі.



akupanty3.jpg

Пра гэта яна сказала на пасяджэнні Савета бяспекі ААН, каментуючы паведамленне расійскага МЗС аб тым, што прэзідэнт Пётр Парашэнка нібыта не прыняў прапанову Уладзіміра Пуціна аб дээскалацыі канфлікту.
«Мы бачылі такія мірныя планы раней. Гэта было ў Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўі. Давайце назавем пуцінскі мірны план тым, чым ён з'яўляецца. Гэта расійскі план акупацыі», — адзначыла Паўэр. «Канчатковы вынік такіх маскоўскіх крызісаў быў ідэнтычны — захоп тэрыторыі суседніх краін і стварэнне там замарожаных канфліктаў», — дадала яна.
Пастаянны прадстаўнік ЗША лічыць, што Расія павінна прытрымлівацца таго мірнага плана, які быў зацверджаны ў верасні ў Мінску і адвесці свае войскі з тэрыторыі Украіны, спыніць падтрымку сепаратыстаў, вызваліць усіх закладнікаў, уключаючы Надзею Саўчанка, і закрыць мяжу. «Украіна, у адрозненне ад Расіі, пастаянна займаецца дээскалацыяй», — падкрэсліла Паўэр.
lb.ua