ЗША анансавалі новыя санкцыі супраць 120 кампаній з Беларусі і Расіі
Гэтым разам санкцыі ЗША ўдараць па прадпрыемствах — пераважна з «абаронкі».
![white_house_tmb_1200x628xfill.jpg white_house_tmb_1200x628xfill.jpg](/img/v1/images/white_house_tmb_1200x628xfill.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падчас брыфінгу ў Белым доме дырэктарка па камунікацыях Белага дома Кейт Бэдынгфілд заявіла пра падрыхтоўку новага санкцыйнага спіса з боку ЗША. Гэтым разам санкцыі будуць датычыцца прадпрыемстваў і кампаній абароннага, аэракасмічнага і марскога сектараў.
Апроч абаронных прадпрыемстваў, у санкцыйны спіс унеслі КДБ Беларусі, атрад спецназа КДБ «Альфа» і ўнутраныя войскі МУС РБ. З беларускіх прадпрыемстваў там аказаліся МЗКЦ, «БелОМА», «Пеленг» і інш. Поўны спіс прадпрыемстваў і арганізацый можна знайсці тут.
Прадстаўніца Белага дома заявіла, што цяпер амерыканскія ўлады рыхтуюцца беспрэцэдэнтна ўмацаваць пазіцыі Украіны і давесці абраную Пуціным стратэгію вайны да няўдачы. Паводле слоў Кейт Бэдынгфілд, знаходжанне ў санкцыйным спісе будзе азначаць, што гэтыя арганізацыі больш не змогуць атрымліваць перадавыя тэхналогіі ЗША без ліцэнзіі, у якой ім будзе адмоўлена ў большасці, калі не ва ўсіх гэтых выпадках.