Журналістку Таццяну Смоткіну аштрафавалі на 4,5 мільёна рублёў
Суддзя Глыбоцкага райсуду Людміла Вашчанка прызнала журналістку вінаватай паводле артыкула 22.9 ч. 2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі) — за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Падставай для адміністрацыйнай справы і судовага разбору стаў матэрыял «Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі», размешчаны 9 чэрвеня на сайце «Беларускага Радыё Рацыя». Гэта матэрыял пра тое, што навучэнцы Глыбоцкай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча размалявалі каналізацыйныя люкі, «ператварыўшы» іх у «чарапашак», «рыбак», «гузікі» ды іншыя забаўкі. Адкаментавала гэтую ідэю супрацоўніца райвыканкаму, якую выклікалі на суд у якасці сведкі, аднак на працэс яна не прыйшла.
Журналістка хадайнічала, каб судовы працэс праходзіў на беларускай мове, але гэтае хадайніцтва было адхілена. Суддзя заявіла, што Таццяна Смоткіна скончыла «расейскамоўную» школу і таму мусіць разумець па-расейску.
«Спадарыня Вашчанка ўвогуле задавала мне шмат дзіўных, на мой погляд, пытанняў. У каторай школе я вучылася, чаму ў мяне філалагічная адукацыя, а займаюся журналістыкай, хто параіў мне такую працу, ці замаўляюць мне артыкулы па канкрэтных тэмах, ці шмат за гэта плацяць. На большую колькасць такіх пытанняў я проста адмаўлялася адказваць, бо яны ня маюць дачынення да справы», — распавяла Таццяна Смоткіна.
Паводле матэрыялаў справы, яна была ініцыяваная Глыбоцкай пракуратурай: гэтая структура даручыла міліцыі правесці праверку, ці мае спадарыня Тацяна акрэдытацыю ў якасці замежнага карэспандэнта. Вынік праверкі быў адмоўны, але Таццяна Смоткіна лічыць, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае права атрымліваць інфармацыю і дзяліцца ёй з іншымі. Так яна казала і на судзе, і раней — калі 25 чэрвеня старшы інспектар аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла склаў на яе пратакол правапарушэння.
Судовае рашэнне пра пакаранне ў выглядзе штрафу памерам 25 базавых велічынь Таццяна Смоткіна збіраецца абскарджваць у Віцебскім абласным судзе.
Скаргу ў абласны суд рыхтуе і яшчэ адзін незалежны глыбоцкі журналіст — Зміцер Лупач. 23 ліпеня старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак таксама аштрафавала яго на 25 базавых велічынь паводле таго самага артыкула 22.9 ч.2 КаАП — за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.