155 гадоў таму пачалося вызвольнае паўстанне 1863 года

155 гадоў таму пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстанне супраць расейскага панавання. Яно ахапіла тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі.

1863_cbn.jpg

На нашай тэрыторыі вызвольны рух узначальваў Кастусь Каліноўскі. Найбольшую актыўнасць праяўлялі паўстанцкія атрады на Віленшчыне і Гарадзеншчыне. Тады Пастаўскі і Шаркоўшчынскі раёны знаходзіліся на тэрыторыі былой Віленшчыны.

На думку краязнаўцы Уладзіслава Ляскоўскага, паўстанцы зрабілі вялікую памылку, што пачалі паўстанне ў 1863 годзе, а не два гады раней:

Як толькі было аб’яўлена аб адмене прыгоннага права, тады ж з’явіўся ўказ, што прыгон адмяняецца, але сяляне павінны яшчэ два гады працаваць на пана. І гэта бунтавала сялян, яны забаставалі. Па ўсяму раёну ў нас сяляне не выходзілі на працу. І толькі войскам падавілі гэтае паўстанне сялян. І вось 1862 год, пачатак, калі дабілі сялянаў, выбілі з іх дух. І пасля гэтага шляхта пачала рыхтаваць сваё паўстанне за незалежнасць. А ўлады скарысталі такую прапаганду, што шляхта цяпер бунтуе, таму што не хоча адпускаць сялян з прыгону. І настроілі супраць шляхты сялян.

Паводле краязнаўцы з Паставаў Міхася Гіля, “Мужыцкая праўда” на Пастаўшчыне пачала распаўсюджвацца перад самым паўстаннем, у 1862 годзе. І ўжо тады было шмат арыштаў:

— Пастаўскі раён тады ўваходзіў у склад аж трох паветаў. Трэцяя частка раёна ўваходзіла у склад Свенцянскага павету, невялікая частка — у Дзісненскі, і большая — у Вілейскі. У гэтым паўстанні ў нашым рэгіёне ўдзельнічала каля 170 чалавек. Ёсць тры помнікі на месцах пахаванняў удзельнікаў гэтага паўстання.

7025.jpg

У Беларусі і Літве 128 паўстанцаў былі пакараны смерцю, больш за 850 чалавек сасланы на катаргу, каля 12,5 тысяч — выселены. Паўстанне было скіравана супраць прыгоннага права, нацыянальнага прыгнёту і саслоўнай няроўнасці. Яно прымусіла царскі ўрад скарэктаваць умовы правядзення сялянскай рэформы ў Беларусі і Літве.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя