Як працаваў Мінскі беларускі гарадскі тэатр падчас нямецкай акупацыі і што стала з яго артыстамі пасля вайны

Пануе ўяўленне, што падчас вайны і акупацыі ўсё грамадскае жыццё ўвогуле, а культурнае жыццё асабліва, прыпыняецца і знаходзіцца ў пэўным заняпадзе. Быццам бы ў лепшым выпадку культурныя ўстановы трапляюць у эвакуацыю, у горшым — знішчаюцца варожымі акупантамі. Аднак культурнае жыццё ў Мінску падчас нацысцкай акупацыі ўсё ж такі значна адрознівалася ад таго, што мы прывыклі ўяўляць, піша budzma.org.

Мінскі беларускі гарадскі тэатр, 1943. Крыніца: cdn.3bls.eu

Мінскае тэатральнае жыццё да пачатку вайны

Перад пачаткам вайны мінскае тэатральнае жыццё было даволі буйным і разнастайным. Жахлівыя трыццатыя гады былі не толькі часам рэпрэсій супраць творчай інтэлігенцыі, але і перыядам з’яўлення новых тэатральных устаноў. У 1931 г. быў заснаваны першы Тэатр юнага гледача. У 1933 г. — Вялікі тэатр Беларусі (оперны). Нельга не ўзгадаць і дзейнасць славутага першага Беларускага драматычнага тэатра (БДТ-1), вядомага зараз як тэатр імя Янкі Купалы.

Якраз трупа БДТ-1 па збегу абставін здолела трапіць у эвакуацыю: на пачатку вайны артысты на чале з дырэктаркай тэатра Фаінай Алер былі на гастролях у Адэсе. Праз неймаверныя намаганні адчайнай Алер акцёры эвакуяваліся спачатку ў Маскву, а потым у Томск, дзе і заставаліся да 1944 года.

Дырэктарка БДТ-1 Фаіна Алер. Крыніца: minsknews.by

Аднак, як мы ўжо высветлілі, трупай драматычнага тэатра не абмяжоўваўся склад мінскіх артыстаў. Шматлікія прадстаўнікі музычнай і драматычнай творчасці заставаліся ў акупаваным Мінску, і калі не загінулі, рызыкавалі застацца без сродкаў да існавання. У гэты момант «на сцэне» з’яўляецца знакаміты заступнік мастацтваў і эстэт Вільгельм Кубэ — генеральны камісар Генеральнай Акругі Беларусь Рэйхскамісарыяту Остланд.

Вільгельм Кубэ. Крыніца: sputnik.by


Мінскі тэатр і акупацыйная адміністрацыя

Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Кубэ быў гарачым аматарам тэатра: часта прысутнічаў на спектаклях і нават пісаў уласныя п’есы. Больш за тое, ён быў жанаты з тэатральнай акцёркай Анітай Ліндэнколь, якая грала ў спектаклі паводле яго п’есы. У сваёй ідэалагічнай палітыцы ў акупаванай Беларусі Кубэ ўзяў курс на падтрымку беларускіх культурных рухаў адраджэння.

Таму не дзіўна, што на руінах разбамбаванага Мінска праз лічаныя дні пасля пачатку акупацыі пачала сваю дзейнасць новая тэатральная арганізацыя. 24 ліпеня 1941 года распачаў працу Мінскі вайсковы тэатр, які потым быў перайменаваны ў Мінскі беларускі гарадскі тэатр.

Наваствораны тэатр аб’яднаў пад сваім дахам шматлікіх тэатральных дзеячаў, якія працавалі ў розных установах даваеннага Мінска. Трупа складалася з супрацоўнікаў опернага тэатра, Тэатра юнага гледача, філармоніі, эстрады і цырку. Месцілася ўся шматлікая трупа — каля трохсот чалавек — у будынку БДТ-1, будучага Купалаўскага.

У першыя дні працы артысты былі занятыя зборам па ўсім горадзе ўцалелых касцюмаў і дэкарацый. Хутка, 10 жніўня 1941 г., адбыўся першы спектакль трупы Мінскага гарадскога тэатра. Гэта была тэатральна-канцэртная пастаноўка з мінімалістычнай назвай «Канцэрт».

Прэм’ера першага спектакля ў больш звыклым разуменні гэтага слова адбылася 19 верасня: артысты выступілі з операй «Яўген Анегін». Тады ж, у верасні 1941 г., адміністрацыя зацвердзіла цэны на квіткі ў тэатр. Месца ў ложы, напрыклад, каштавала 2 маркі.

Для акцёраў і аматараў тэатральнай творчасці акупацыйная адміністрацыя нават пайшла на такую нетрывіяльную саступку, як выключэнні ў каменданцкай гадзіне. Справа ў тым, што ў акупаваным Мінску забаронена было знаходзіцца на вуліцы з 9-й вечара да 5-й раніцы. У зімовы час каменданцкая гадзіна ўвогуле пачыналася ў 7 вечара. У начны час па вуліцах маглі хадзіць толькі пазменныя рабочыя, артысты тэатра і, адпаведна, гледачы спектакля. Пропускам служыў якраз тэатральны білет.

Да пачатку красавіка 1942 г. тэатр паставіў тры оперныя пастаноўкі: «Яўген Анегін», «Кармен» і «Запарожац за Дунаем». Драматычная трупа падрыхтавала спектаклі «Пінская шляхта», «Збянтэжаны Саўка», «Міхалка», «Прымакі», «Кастусь Каліноўскі» і «Хітрая Гаспадыня». Тым часам цыркавая трупа сумесна з эстраднай і балетнай групай таксама падрыхтавалі шэраг канцэртных праграм. Мовай усіх спектакляў была выключна беларуская.

Хутка дзейнасць артыстаў выйшла за межы будынка БДТ-1. Ва ўмовах акупацыі па тэрыторыі Беларусі гастралявала група артыстаў. У прыватнасці, улетку 1942 г. тэатральная трупа наведала Вілейку, Маладзечна, Ліду, Глыбокае, Слонім, Баранавічы, Навагрудак, Стоўбцы і Нясвіж.

Таксама тэатр арганізаваў пэўныя тэатральныя гурткі па 5–8 чалавек, якія гастралявалі па адміністрацыйных установах, вайсковых часцях і шпіталях. Яны выступалі ў сталовых, маленькіх актавых залах і нават ангарах. Увогуле ўсімі сіламі падтрымлівалі баявы дух салдат — салдат Вермахта.

Такім чынам, у Мінскім гарадскім тэатры віравала творчае жыццё: рыхтаваліся пастаноўкі па беларускіх і замежных класічных творах, ставіліся новыя канцэртныя праграмы, ствараліся новыя п’есы, раскрываліся таленты маладых дзеячаў мастацтва. Нямецкія афіцэры і асабіста сам Вільгельм Кубэ сталі частымі гасцямі ў сценах тэатра. Гэтым фактам і скарысталіся савецкія партызаны.

Замах на Вільгельма Кубэ ў тэатры

22 чэрвеня 1943 г. у Мінскім тэатры праходзіла цырымонія адкрыцця Саюза беларускай моладзі, створанага на ўзор германскага саюза нацысцкай моладзі Гітлерюгенд.

Прапагандысцкі плакат Саюза беларускай моладзі. Крыніца: wikipedia.org

Прапагандысцкі плакат Саюза беларускай моладзі. Крыніца: wikipedia.org

Па афіцыйнай версіі, савецкія партызаны заклалі міну пад сцэну. Выбух павінен быў адбыцца менавіта падчас цырымоніі, калі ў зале знаходзіўся Вільгельм Кубэ. Але з невядомых прычынаў выбух прагучаў значна пазней: падчас камедыі «Пан Міністр». У выніку загінула 13 чалавек, будынак тэатра быў моцна разбураны. Падчас выбуху Кубэ ў зале ўжо не было. Пасля гэтага здарэння тэатр быў закрыты на рамонт, і артысты здолелі працягнуць сваю творчую дзейнасць у звыклых сценах толькі ўвесну 1944 года.

Супрацоўнікі Мінскага гарадскога тэатра пасля вайны

Шматлікіх артыстаў і драматургаў, якія працавалі падчас акупацыі ў тэатры, напаткалі розныя лёсы. Частка працягнула працу ў культурных установах СССР, частка — была арыштаваная ў познія сталінскія часы, частка — эмігравала на Захад падчас вяртання савецкага войска.

Напрыклад, Уладзімір Міхайлавіч Говар-Бандарэнка, які выконваў галоўныя ролі ў спектаклях «На Антакалі» па п’есе Францішка Аляхновіча і ў апошняй прэм’еры Мінскага тэатра «Загубленае жыццё», застаўся ў Савецкім Саюзе.

Уладзімір Міхайлавіч Говар-Бандарэнка. Крыніца: person.goub.by

Уладзімір Міхайлавіч Говар-Бандарэнка. Крыніца: person.goub.by


З 1944 па 1946 гг. ён працаваў у Гродзенскім драматычным тэатры, з 1946 па 1949 гг. — у Брэсцкім, з 1955 па 1978 гг. — у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Ніякіх звестак пра ціск на артыста з боку ўлад няма.

Славутая артыстка Вольга Несцярэнка, якая, акрамя ўсяго іншага, узначаліла курсы па вакале пры Мінскім гарадскім тэатры, працягнула сваю кар’еру як музычны педагог у Мінскай кансерваторыі.

Вольга Мікалаеўна Несцярэнка. Крыніца: wikipedia.org

Вольга Мікалаеўна Несцярэнка. Крыніца: wikipedia.org


Больш цяжкі лёс выпаў на долю драматурга Тодара Лебяды (Фёдара Шырокага). Менавіта ён быў аўтарам апошняй прэм’ернай п’есы Мінскага гарадскога тэатра «Загубленае жыццё» — пра калектывізацыю і рэпрэсіі. Тодар Лебяда ў чэрвені 1944 г. з’ехаў у Нямеччыну, але ў 1945 г. вярнуўся на радзіму.

Тодар Лебяда. Крыніца: wikipedia.org

У 1947 г. яго прыгаварылі да 25 гадоў пазбаўлення волі і адправілі ў Сібір. Вызваліўся драматург у 1956 г. і вярнуўся ў Беларусь. Спачатку працаваў у Слоніме рэзчыкам паперы на мясцовай папяровай фабрыцы. Потым пераехаў у Чэрвень, працаваў у раённай газеце. Свае вершы і фельетоны славуты драматург друкаваў пад псеўданімам Клім Каліна.

Рэжысёр той фатальнай п’есы «Загубленае жыццё» Вячаслаў Антонавіч Селях-Качанскі, які быў яшчэ і мастацкім кіраўніком Мінскага гарадскога тэатра, назаўсёды з’ехаў з Беларусі ў 1944 годзе.

Вячаслаў Антонавіч Селях-Качанскі. Крыніца: kino-teatr.ru

Вячаслаў Антонавіч Селях-Качанскі. Крыніца: kino-teatr.ru

У 1950 г. Селях-Качанскі з’ехаў у ЗША, дзе займаўся арганізацыяй хароў і тэатральных груп, ладзіў канцэрты і спектаклі.

Барбара Вержбаловіч таксама працавала як оперная і эстрадная спявачка ў Мінскім гарадскім тэатры ў гады акупацыі. Напрыклад, у 1943 г. яна выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» Мікалая Шчаглова-Куліковіча. З 1944 г. знаходзілася ў эміграцыі.

Барбара Вержбаловіч. Крыніца: hardzin.livejournal.com

Барбара Вержбаловіч. Крыніца: hardzin.livejournal.com

З 1950 г. працавала ў ЗША як канцэртная спявачка. Была ў кіраўніцтве беларускага жаночага руху ў ЗША. У 1954 г. Вержбаловіч з’ехала ў Мюнхен, працавала ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода».

Дарэчы, кампазітар «Ляснога возера» Мікалай Шчаглоў-Куліковіч таксама з’ехаў у Нямеччыну ў 1944 г., а ў 1950 г. заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор.

Мікалай Шчаглоў-Куліковіч. Крыніца: etno.by

Мікалай Шчаглоў-Куліковіч. Крыніца: etno.by

Менавіта Шчаглоў-Куліковіч напісаў музыку для неафіцыйнага беларускага гімна «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча.

Яшчэ адна яркая творчая асоба, звязаная з дзейнасцю Мінскага гарадскога тэатра, — Наталля Арсеннева — паэтка, драматург і перакладчыца. Яна адаптавала шматлікія оперы, аперэты і п’есы для выканання на беларускай мове. Сярод іх, у прыватнасці, «Кармен» Бізэ, «Чароўная флейта» Моцарта, «Яўген Анегін» Чайкоўскага, «Каханне і каварства» Шылера і іншыя.

Наталля Арсеннева. Крыніца: wikipedia.org

Наталля Арсеннева. Крыніца: wikipedia.org

У акупаваным Мінску ў 1943 г. Наталля Арсеннева напісала славуты духоўны гімн «Магутны Божа». Як і многія яе калегі па беларускім культурным актывізме, Наталля Арсеннева апынулася ў ЗША ў 1950 г., дзе займалася культурна-асветніцкімі праектамі і працавала ў беларускіх эмігранцкіх установах.

Так сталася, што дзейнасць творчай інтэлігенцыі, якая супрацоўнічала з немцамі ў гады акупацыі і з’ехала потым на Захад, дагэтуль застаецца мала вядомай. Савецкая ўлада выкрасліла з гісторыі шмат імёнаў таленавітых беларусаў, бо лічыла іх калабарацыяністамі і здраднікамі. Усё ж беларускі рух як пад акупацыяй, так і лагічны яго працяг у эміграцыі, — гэта таксама істотная частка беларускай культурнай спадчыны, якую варта было б памятаць, нягледзячы нават на сувязь з акупацыйным войскам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: