Радыё Свабода і аперацыя «Гамулка»
У гісторыі «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» (RFE/RL) былі вельмі цікавыя эпізоды. Напрыклад, якую ролю радыёстанцыя адыграла ў падзеях у Польшчы ў 1950-я.

Уладзіслаў Гамулка звяртаецца да сотняў тысяч людзей у Варшаве 24 кастрычніка 1956 года.
Дырэкцыя RFE/RL вельмі доўга пазіцыянавала сябе як нейкі няўрадавы, фундаваны ледзь не простымі амерыканцамі, праект. Толькі ў 1976-м на слуханнях у кангрэсе ўлады ЗША публічна прызналіся, што радыё з першага дня сваёй працы (1949 год) было цесна фінансава звязана з тым жа ЦРУ. Зрэшты, і раней ніхто асабліва не сумняваўся, што за RFE/RL «тырчаць вушы» дзярждэпартамента і спецслужбаў, якія часта вызначалі канцэпцыю трансляцый.
Менавіта ў нетрах гэтых урадавых структур ЗША ў пачатку 1950-х узнікла на першы погляд фантастычная ідэя — імпартаваць казус Ціта ў краіны савецкага блока. Нагадаем, пасля Другой сусветнай вайны югаслаўскі камуністычны лідар Броз Ціта адкрыта кінуў выклік Сталіну за яго спробы паставіць Бялград па прыкладзе іншых краін рэгіёна пад татальны кантроль Масквы. У выніку запеклай пікіроўкі Ціта-Сталін Югаславія фактычна разарвала адносіны з СССР, наладзіла кантакты з Захадам, але захавала пры гэтым арыентацыю на будаўніцтва сацыялізму.
У Вашынгтоне палічылі, што гэты трук можна паўтарыць у іншых краінах Усходняй Еўропы. Кажучы прасцей, задача складалася ў тым, каб прывесці да ўлады ў Празе, Варшаве, Будапешце і іншых сталіцах камуністаў-нацыяналістаў, што аб'ектыўна падрывала рэгіянальныя пазіцыі Масквы.
Глядзіце таксама

Піярыць такога камуніста-нацыяналіста ў тым ліку павінны былі радыёстанцыі — нацыянальныя секцыі RFE/RL. Заставалася толькі знайсці для кожнай краіны адпаведнага кандыдата.
Для польскай рэдакцыі радыёстанцыі Свабодная Еўропа гэтая праблема вырашылася нечакана сама сабой. У пачатку 50-х гадоў на захад перабег Юзэф Святло — адзін з вядучых функцыянераў польскай Службы грамадскай бяспекі, мясцовага аналагу КДБ. Перабежчыка тут жа запрасілі ў Мюнхен, дзе тады знаходзілася рэдакцыя RFE/RL. У рамках серыі праграм Святло распавёў польскай аўдыторыі шакуючыя рэчы пра побыт кіруючай на той момант у Польшчы польскай камуністычнай эліты.

Юзэф Святло
Прамовы Святло карысталіся вялікай папулярнасцю ў польскай аўдыторыі. Адначасова ўсплыло імя Уладзіслава Гамулкі — былога лідара польскіх камуністаў, якога ў 1948-м арыштавалі праз канфлікт са Сталіным. Бацьку народаў не спадабалася, што Гамулка выступаў за асаблівы шлях Польшчы да сацыялізму.
У споведзях перабежчыка Уладзіслаў Гамулка выглядаў ледзь не як адзіны адэкватны чалавек у партыйным апараце. Сапраўды, да арышту Гамулка лічыў, што рэжым павінен грунтавацца на шырэйшай палітычнай базе, а рэпрэсіі самі па сабе не змогуць замяніць грамадскую падтрымку новага ўрада.
Паступова тэзы пра добрага Гамулку пачалі заходзіць у польскі соцыўм. І не толькі дзякуючы радыё. На пачатку халоднай вайны была папулярная т.зв. паветраная вайна. З тэрыторыі заходніх краін запускалі паветраныя балоны з антыкамуністычнымі матэрыяламі ў напрамку краін сацыялістычнага блока. Гэта датычылася і Польшчы, куды было адпраўлена каля сотні тысяч (!) паветраных балонаў, у тым ліку з рэкламай Гамулкі.
Сам Гамулка на той момант быў выгнаны з партыі і жыў прыватна. Цяжка сказаць як бы скончыўся яго жыццёвы шлях, калі б не піяр з боку RFE/RL і пачатак дэсталінізацыі. Пасля ХХ з'езда КПСС у шэрагах польскіх камуністаў пачаўся крызіс і адпаведна барацьба за ўладу. Счапіліся дзве фракцыі, адна з якіх выступала супраць дыктату Масквы. Натуральна, яна прапанавала папулярнаму Гамулку вярнуцца ў палітыку.
Яго вяртанне ва ўладу выклікалі ў Польшчы шырокую грамадскую падтрымку і беспрэцэдэнтны масавы энтузіязм. Рашэннямі пазачарговага пленума 19 кастрычніка 1956 года ён быў кааптаваны ў ЦК, а неўзабаве абраны першым сакратаром партыі.
Спачатку Гамулка сапраўды дэманстраваў замашкі а-ля Ціта. На тым жа пленуме 19 кастрычніка ён дамогся вываду са складу кіраўніцтва партыі Канстанціна Ракасоўскага — навязанага Масквой міністра абароны Польшчы, якога палякі лічылі нейкім «гаўляйтарам». Такі дэмарш выклікаў істэрыку ў Хрушчова. Ён асабіста вылецеў у Варшаву, каб паказаць Гамулку «кузькіну маці», адначасова аддаўшы загад мабілізаваць савецкія вайсковыя часткі ў Польшчы. Але ў выніку Мікіта Сяргеевіч прызнаў новую рэальнасць.
Глядзіце таксама

Зрэшты, у выніку польскага Ціта з Гамулкі не атрымалася. Звязаныя з імем Гамулкі антысеміцкая кампанія 1968-га, устанаўленне цэнзуры, падтрымка інтэрвенцыі ў Чэхаславакію, з часам зрабілі немагчымым дыстанцыянаванне Варшавы ад Масквы.
Зрэшты, мараль гэтай гісторыі іншая. Апісаны сюжэт сведчыць яшчэ раз пра ролю і статус радыё RFE/RL у грамадска-палітычных працэсах нашага рэгіёну. І наўрад нешта падобнае ўжо паўтарыцца. Адным словам, бывай, легенда! Хаця не выключана, што спяваць рэквіем RFE/RL яшчэ рана.