«Я звычайна спачатку б'ю, а потым размаўляю»
«Мне нагадалі аб тым, што ў мяне ёсць жонка і дзеці, і шмат чаго яшчэ. Сумна, што ў век высокіх тэхналогій да цябе прыходзяць людзі з метадамі 1990-х», — падзяліўся самбіст Сцяпан Папоў падрабязнасцямі сустрэчы са спартовым чыноўнікам, піша «Еўрарадыё».
Намеснік міністра спорту Міхаіл Партной пагражаў спартоўцам, якія выходзяць на акцыі пратэсту. Пра гэта парталу TUT.by расказаў самбіст Сцяпан Папоў — чэмпіён свету і Еўропы.
Некалькі дзён таму Партной у інтэрв'ю сайту Tribuna.com заявіў, што не цісне на спартоўцаў, якія ходзяць на мірныя акцыі пратэсту. Чыноўнік паведаміў, што здольны дамовіцца з любым спартоўцам. бо мае чатыры вышэйшыя адукацыі: "Мне цалкам хапае слэнгу, гутарковага запасу, каб нармальна пагаварыць". Асобна ён згадаў Папова і заявіў, быццам той "выйшаў у тыраж".
Папоў расказаў журналістам пра сустрэчу з намеснікам міністра спорту і пацвердзіў, што на яго быў моцны ўціск.
"Да мяне прыехала цэлых пяць чалавек, сярод якіх быў намеснік міністра спорту Партной. Я, праўда, не хачу распавядаць пра падрабязнасці той сустрэчы. Але, паколькі Партной сам нядаўна згадаў пра мяне, прывяду вам маленькі эпізод для агульнага разумення сітуацыі.
Яны знутры зачынілі дзверы ў трэнерскай. Мне сказалі: "Я звычайна спачатку б'ю, а потым размаўляю. Але мяне папрасілі быць з табой максімальна далікатным".
Мы пагаварылі дзесьці хвілін 20-30. Мне нагадалі аб тым, што ў мяне ёсць жонка і дзеці, і шмат чаго яшчэ. Сумна, што ў век высокіх тэхналогій да цябе прыходзяць людзі з метадамі 1990-х", — падзяліўся Папоў падрабязнасцямі сустрэчы са спартовым чыноўнікам.
Спартовец кажа, што пасля той сустрэчы ў яго ўзнікла жаданне вывезці сям'ю за межы Беларусі.
Аднак потым Папоў, па яго словах, даведаўся, што такія ж візіты былі і да іншых спартоўцаў: "Зразумеў: баяцца няма чаго, гэта пустыя пагрозы, і гэтыя людзі на самай справе баяцца больш, чым я".