Наступствы санкцый: Легіянеры не хочуць ехаць у Беларусь

Нядаўна звольнены трэнер салігорскага «Шахцёра» Раман Грыгарчук расказаў, што замежныя футбалісты баяцца ехаць выступаць за беларускія клубы.

Ілюстацыйнае фота

Ілюстацыйнае фота


Пасля нечаканай паразы ад люксембурскай каманды «Фола» (1:2) у Лізе канферэнцый (новы турнір пад эгідай УЕФА) адміністрацыя футбольнага клубу «Шахцёр» адмовілася ад паслугаў украінскага спецыяліста, паведасляе Радыё Свабода.

Раман Грыгарчук ужо вярнуўся ў Адэсу і расказаў парталу Football.ua, што заходнія санкцыі рэальна ўплываюць на стан беларускага футболу. Праз блакаванне авіязносінаў каманды мусяць гуляць хатнія матчы еўракубкаў у іншых краінах, а патэнцыйныя легіянеры адмаўляюцца ехаць у праблемную Беларусь.

«Кажучы аб селекцыі, складанасці былі звязаныя перадусім з санкцыямі і рэгламентнымі абмежаваннямі ў фінансавых пытаннях. Футбалісты проста не хочуць ехаць у Беларусь, узнікае занадта шмат праблемаў. Напрыклад, пачынаем цікавіцца тым ці іншым гульцом, а ён у адказ: “Беларусь? Не, я не еду”. У такой сітуацыі праводзіць эфектыўную селекцыйную працу неверагодна складана. І гэта не залежыць ад размеркавання абавязкаў або ад трансфернай палітыкі клуба, проста аб’ектыўна вельмі складана», — падзяліўся ён з футбольным рэсурсам.

Летась Раман Грыгарчук прывёў салігорцаў да чэмпіёнскага тытулу нацыянальнага першынства, выйграў Суперкубак Беларусі і забяспечыў упэўненае лідарства па выніках сёлетняга першага кругу. Аднак параза ад люксембурскай каманды, якая ў еўрапейскім рэйтынгу шмат ніжэй за беларускі клуб, каштавала ўкраінскаму настаўніку пасады.