«Пра допуск спартсменаў з краін-агрэсараў не можа быць гаворкi»: беларускі спорт адрэагаваў на забойства салдата УСУ
Беларускія спартсмены ў сваіх сацсетках асудзілі забойства бяззбройнага ваеннапалоннага і выказаліся супраць допуску расійскіх і беларускіх атлетаў да міжнародных спаборніцтваў.

Ілюстрацыйная выява: hromadske.ua
6 сакавіка ў сацыяльных сетках з'явілася відэа, на якiм вайскоўцы расiйскай акупацыйнай армii забіваюць бяззбройнага чалавека ў форме УСУ пасля таго, як ён упэўнена кажа «Слава Украіне!». Тое, што адбылося, атрымала вялікi розгалас ва ўсім свеце, а хэштэг #SlavaUkraini хутка стаў лідарам трэндаў Twitter, піша «Тр*буна».
«Хачу, каб мы ўсе разам, у адзінстве, адказалі на яго словы: "Герою слава! Героям слава! Украіне слава!" І мы знойдзем забойцаў», — так на трагедыю адрэагаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
На дадзены момант існуе некалькі версій наконт імя расстралянага. Паводле інфармацыі камандавання 30-й асобнай механізаванай брыгады імя князя Канстанціна Астрожскага, гэта іх вайсковец Цімафей Шадура. Ён лічыцца зніклым без вестак з 3 лютага 2023 года пасля баёў, што вяліся на поўнач ад Бахмута.

Аднак журналіст Юрый Бутусаў сцвярджае, што загінуў баец 119-й брыгады тэрытарыяльнай абароны Аляксандр Марцыеўскі. Гэтак жа сцвярджаюць яго калегi i маці. Бутусаў падкрэслівае, што трэба чакаць афіцыйнага пацверджання.
Гэтае забойства зачапiла i прадстаўнiкоў беларускага спорту. Найбольш разгорнута адрэагавала баскетбалістка Кацярына Сныціна.
«Нi пра які допуск спартсменаў з краін-агрэсараў не можа быць гаворкi. Пры чым тут алімпійцы? Пры тым, што ў іх ёсць голас, а яны маўчаць. Улады крычаць на кожным куце, калі гэтыя спартсмены-алімпійцы заваёўваюць медалі. Тады чаму спартсмены маўчаць, калі бачаць, што робяць улады? Забіў ці паслаў забіваць — гэта дрэнна! Тут моцна ў палітыцы разбірацца не трэба. Трэба толькі ўмець разбірацца ў самім сабе: ці возьмеш адказнасць, нават ведаючы пра наступствы. У вас жа голас з'яўляецца толькі тады, калі вам перакрываюць выхад на Алімпіяду і вас гэта "робіць толькі мацнейшымi".
Слабанервовым раю не глядзець відэа [забойства], таму што я ўжо 30 хвілін не магу ўстаць з лаўкі, гук і карцінка перад вачыма», — напісала Сныціна на сваёй старонцы ў Instagram.

Падзялiлiся словамi Кацярыны яе былая калега па баскетбольнай зборнай Алена Леўчанка, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, самбіст Сцяпан Папоў. Папоў, да таго, ж напiсаў, што «свету час спынiць Расiю».
Гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў заклікаў сваіх падпісчыкаў надаць гісторыі агалоску i таксама выступiў жортска супраць вяртання расiян у сусветны спорт.

Рэакцыя Канстанціна Якаўлева на забойства расійцамі салдата УСУ
Беларускі гімнаст, артыст трупы «Du Soleil» Сямён Букін прызнаўся, што захапляецца гераізмам і мужнасцю ўкраінскага народа.

Сямён Букін: «Украінскі народ — народ-пераможца»
Нападаючы «Макабі Петах-Тыква» Ілля Шкурын i баец Iван Ганiн проста запосцiлi кантэнт пра забойства.

Нагадаем, 6 сакавіка ва ўкраінскіх і расійскіх тэлеграм-каналах распаўсюдзілася відэа, на якім бяззбройны мужчына ў вайсковай форме, стоячы ў лесе, дапальвае цыгарэту, прамаўляе «Слава Украіне!», пасля чаго ў яго страляюць з аўтаматаў, ён падае. Дзе і калі зроблены запіс, невядома.

На смерць палоннага вайскоўца адрэагаваў Генштаб УСУ.
«Расстрэл бяззбройнага палоннага — цынічнае і дзёрзкае грэбаванне нормамі міжнароднага гуманітарнага права і звычаяў вайны. Так робяць нікчэмныя забойцы, але не ваяры. Расійскія акупанты ў чарговы раз паказалі, што галоўнай іх мэтай ва Украіне з'яўляецца толькі зверскае вынішчэнне ўкраінцаў. Ніводная смерць нашага воіна не застанецца без адплаты. Але мы зробім гэта законным і справядлівым спосабам — на полі бою, у судзе або ў міжнародным трыбунале. З халоднай галавой, з захаваннем правіл вайны і з гонарам мы абавязкова адпомсцім за кожнага! Вечная памяць і Слава Герою!» — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага Генштаба.