Польскія футбалісты адмовіліся гуляць са зборнай Расіі стыкавы матч за пуцёўку на ЧС-2022

Такое рашэнне агучыў прэзідэнт Польскага футбольнага саюза Цэзары Кулеша.

aeb6f89f87cbfae34ed39e452ca9f77a5bf3ff81181dc124348207.jpg

Прэзідэнт польскага футбольнага саюза Цэзары Кулеша заявіў, што зборная Польшчы не мае намеру гуляць са зборнай Расіі ў матчы плэй-оф чэмпіянату свету 2022 года.

«Хопіць слоў, прыйшоў час дзейнічаць. Зборная Польшчы не мае намеру гуляць са зборнай Расіі ў матчы плэй-оф. Гэта адзінае правільнае рашэнне. Мы вядзем перамовы з федэрацыямі Швецыі і Чэхіі, каб прадставіць агульную пазіцыю ФІФА», — напісаў Кулеша ў сваім Твітары.

Зборныя Расіі, Польшчы, Швецыі і Чэхіі мусяць аспрэчыць у стыкавых гульнях адну пуцёўку на ЧС.

Футбольныя саюзы Польшчы, Швецыі і Чэхіі раней заявілі, што не паедуць у Расію на матчы плэй-оф чэмпіянату свету 2022 года. У паўфінальным матчы плэй-оф адбору на чэмпіянат свету 2022 года шведы згуляюць з чэхамі, а расійцам трэба будзе сустрэцца з палякамі. Пераможцы гэтых пар павінны згуляць у фінальным матчы плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату свету.

Польскія футбалісты падтрымалі такое рашэнне ПФС. Сусветная зорка футбола Роберт Левандоўскі (на здымку), напрыклад, заўважыў: «Гэта правільны захад! Не магу ўявіць сабе матч са зборнай Расіі ў цяперашняй сітуацыі. Расійскія гульцы і заўзятары не адказваюць за гэта, але мы не можам рабіць выгляд, што нічога не адбываецца».