Трэнер, які прымушаў Ціманоўскую вярнуцца ў Беларусь, застаўся без пасады
Мінспорту вырашыла скасаваць пасады галоўных трэнераў зборных па веславанні і лёгкай атлетыцы.
У веславанні кепскія вынікі, а паўнамоцтвы галоўнага трэнера па лёгкай атлетыцы падзялілі паміж старшымі трэнерамі, піша «Наша Ніва» са спасылкай на «Прэсбол».
Нагадаем, што апошнюю пасаду займаў Юрый Маісевіч. Ён стаў вядомы пасля скандалу з Крысцінай Ціманоўскай на Алімпіядзе ў Токіа: менавіта ён хацеў прымусіць спартоўку вярнуцца дадому і замаўчаць. Пасля МАК забраў у трэнера акрэдытацыю на гульнях.
Па вяртанні ў Беларусь Маісевіч неаднаразова выступаў на дзяржТБ і казаў, што скандал з Ціманоўскай нехта арганізаваў. Адносна яго праводзіцца міжнароднае расследаванне.