Звольнілі трэнера хакейнай каманды «Юнацтва», які не падпісаў праўладны ліст спартоўцаў
Аляксандр Макрыцкі пакінуў пасаду галоўнага трэнера менскага «Юнацтва». Кантракт фармальна скасаваны па пагадненні бакоў, паведамляе прэс-служба клуба.

Як піша спартовае выданне «Трыбуна», раней стала вядома, што Аляксей Баранаў стане старшынёй ХК «Юнацтва». Функцыянер удзельнічаў у аўтапрабегу за Лукашэнку.
Раней намеснік старшыні «Юнацтва» Аляксей Торбін і 17 хакеістаў каманды падпісалі праўладны ліст. Аляксандр Макрыцкі стаў адзіным трэнерам чэмпіянату Беларусі па хакеі, які не падпісаў гэты ліст.
Макрыцкі раней гуляў у хакейнай камандзе Лукашэнкі, аднак у апошні час у складзе ня значыўся.
Макрыцкі ўзначаліў «Юнацтва» у 2019 годзе і стаў з клубам чэмпіёнам «Парыматч-Экстралігі». Ад каментароў Макрыцкі адмовіўся.
Радыё Свабода