2022 год у Літве абвешчаны годам Францыска Скарыны

У Літве 2022 год абвясцілі годам Францыска Скарыны. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла амбасада Літвы ў Беларусі.

Гравюрны партрэт Францыска Скарыны, апублікаваны ў ягонай пражскай Бібліі

Гравюрны партрэт Францыска Скарыны, апублікаваны ў ягонай пражскай Бібліі

У наступным годзе спаўняецца 500 гадоў з заснавання ў Вільні першай ва Усходняй Еўропе кнігадрукарні і выдання першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім — „Малой падарожнай кніжкі“ Францыска Скарыны (1522).
Францыск (Францішак) Скарына — гуманіст, пачынальнік кнігадрукарства ў ВКЛ, беларускі (літоўскі) першадрукар, выдавец, пісьменнік і доктар медыцыны. Скарына нарадзіўся ў багатай купецкай сям’і ў Полацку, які ў тыя часы быў найважнейшым гандлёвым цэнтрам ВКЛ.


Паміж 1519 і 1521 гадамі Францыск Скарына пасяліўся ў Вільні, прывёз туды друкарскае абсталяванне і запас паперы. 20 траўня 1522 года ў доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча Скарына заснаваў першую друкарню ва Усходняй Еўропе. Мяркуецца, што дом стаяў на скрыжаванні вуліц Вялікай і Шкляной. Тут ён выдаў першую кнігу ВКЛ, якая называлася „Малой падарожнай кніжкай“. Дакладная яе назва невядомая, таму даследчыкі далі выданню назву паводле тэкста эпілога: "абагульняючы, у гэтай малой падарожнай кніжцы…"