398-мы дзень вайны. Акупанты атакавалі Украіну «Шахедамі», жорсткія баі за Бахмут і Аўдзееўку
Уначы расійцы атакавалі Украіну беспілотнікамі. УСУ знішчылі 14 з 15 ударных дронаў «Шахед», запушчаных РФ. Пра гэта гаворыцца ў аператыўнай інфармацыі ўкраінскага Генеральнага штаба.
У той жа час за мінулыя суткі расійскія вайскоўцы нанеслі 24 авіяцыйныя і 12 ракетных удараў, здзейснілі 55 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага
агню.
Асобна паведамляецца, што сіламі СПА ў паветранай прасторы вакол Кіева было выяўлена і знішчана каля дзесяці «Шахедаў» падчас начной паветранай атакі.
Увечары 27 сакавіка 2023 года ў шэрагу абласцей Украіны была
абвешчаная паветраная трывога. Выбухі прагрымелі ў Абалонскім і Святошынскім
раёнах Кіева і ў Днепрапятроўскай вобласці.
У выніку падзення абломкаў БПЛА ў Святошынскім раёне ўзнікла ўзгаранне ў нежылым будынку. Пажар ліквідаваны. Паводле ўдакладненых звестак, абышлося без ахвяр.
Тым часам на фронце расійцы засяроджваюць асноўныя намаганні на вядзенні
наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім
напрамках.
Паводле падлікаў Генштаба УСУ, сілы абароны Украіны адбілі больш за 60 нападаў расійскіх
захопнікаў.
Адзначаецца, што самыя жорсткія баі працягваюцца за Бахмут, Аўдзееўку і
Мар'інку. «Дзякуючы прафесійным і зладжаным дзеянням, за мінулыя суткі,
падраздзяленні сіл абароны Украіны адбітыя 62 атакі праціўніка на названых
кірунках», — гаворыцца ў зводцы.
Разам з тым на Запарожскім і Херсонскім абараняцца даводзіцца ўжо расійцам.
А вось на прылеглых да Беларусі Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка застаецца без істотных змен, прыкмет фарміравання наступальных груповак не выяўлена. На тэрыторыі Беларусі працягваюцца мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі падраздзяленняў Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, гаворыцца ў паведамленні Генштаба УСУ.
Больш падрабязна пра абстаноўку ў раёне Бахмута акрэсліў камандуючы Сухапутных войскаў УСУ Аляксандр Сырскі.
«Расійцы спрабуюць сканцэнтраваць галоўныя свае намаганні на Бахмуцкім кірунку. Яны не пакідаюць спробаў узяць у акружэнне і захапіць горад. Зараз праціўнік кінуў усе свае лепшыя падраздзяленні, каб дамагчыся перамогі. Наша задача — знішчыць як мага больш ворагаў і стварыць перадумовы для таго, каб можна было перайсці да наступальных дзеянняў. Трэба паставіць кропку на тых падраздзяленнях, якія стаяць перад вамі», — напісаў Сырскі ў звароце да вайскоўцаў.
Камандуючы падкрэсліў, што дзякуючы гераізму і
прафесіяналізму, украінскія вайскоўцы ўтрымліваюць крэпасць Бахмут насуперак
розным тэрмінам і прагнозам.
Таксама, паводле яго слоў, абаронцы старанна вывучаюць
уразлівасці акупантаў, каб эфектыўна ўжываць супраць іх сілу.
«На сёння наша галоўная задача — знясіліць пераважныя сілы праціўніка і нанесці яму цяжкія страты. Гэта дазволіць стварыць неабходныя ўмовы, якія будуць спрыяць вызваленню ўкраінскай зямлі і паскораць нашу перамогу», — падсумаваў Сырскі.
Фота «Громадське»
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што
акупанты ўзмацняюць знясіленыя атрады сваіх ваякаў падраздзяленнямі «Вагнера» для наступу на Аўдзееўку. Верагодна, расійскае ваеннае кіраўніцтва намагаецца замацаваць
нядаўнія абмежаваныя тактычныя поспехі ў гэтым раёне.
Як адзначаюць ваенныя аналітыкі, чуткі аб адстаўцы 27 сакавіка камандуючага Усходняй вайсковай акругай РФ генерал-палкоўніка Рустама Мурадава выклікалі стрыманую і цынічную рэакцыю ў расійскай інфармацыйнай прасторы.
Акрамя таго, паводле ISW, ёсць здагадкі і аб магчымым звальненні камандуючага Заходняй вайсковай акругі генерал-палкоўніка Яўгена Нікіфарава, войскі якога дзейнічаюць уздоўж лініі Купянск — Сватава — Крэменная на ўсходзе Украіны.
У справаздачы паказваецца: ISW не можа пацвердзіць чуткі аб звальненні Мурадава або Нікіфарава, але варта адзначыць, што расійскія блогеры абмяркоўваюць патэнцыйныя звальненні камандуючых, звязаныя з раёнамі аперацый, у якіх акупанты не змаглі дасягнуць значных поспехаў або панеслі істотныя страты.
Расійскія ўлады і некаторыя блогеры засяродзіліся на пошуку і пакаранні асобных камандзіраў за няўдачы іх войскаў, а не на даследаванні і развязанні праблемных пытанняў у камандаванні і кантролі, структуры узброеных сіл і схемах іх дыслакацыі, дадаюць спецыялісты.
Асноўныя высновы аналітыкаў ISW за 27 сакавіка:
— xуткі аб адстаўцы 27 сакавіка камандуючага Усходняй групай войскаў РФ (Усходняя вайсковая акруга) генерал-палкоўніка Рустама Мурадава выклікалі стрыманую і цынічную рэакцыю ў расійскай інфармацыйнай прасторы.
— вайсковыя блогеры РФ таксама стрымана адрэагавалі на заяву Уладзіміра Пуціна ад 25 сакавіка аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, падкрэсліўшы, што мэсэджы накіраваныя на Заходнюю, а не на ўнутраную расійскую аўдыторыю;
— расійскае ваеннае кіраўніцтва, верагодна, прыцягнула да наступу на Аўдзееўку пэўную колькасць высокакваліфікаваных падраздзяленняў групы «Вагнера», каб замацаваць нядаўнія абмежаваныя тактычныя поспехі ў гэтым раёне;
— акупанты дасягнулі нязначных поспехаў у раёне Сватава, а таксама працягваюць наземныя атакі ўздоўж лініі Купянск — Сватава — Крэменная;
— таксама яны працягнулі наземныя напады ў Бахмуце і яго ваколіцах і дасягнулі поспехаў у межах Бахмута;
— акрамя таго, захопнікі працягнулі наземныя абстрэлы ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк.
— Выглядае, што Расія ўсё часцей разгортвае элементы звычайных узброеных фармаваньняў уздоўж усёй лініі фронту, у тым ліку на поўдні Украіны;
— расійскія ўлады працягваюць фармаваць новыя добраахвотніцкія батальёны, падпарадкаваныя нерэгулярным фарміраванням.