420-ты дзень вайны. Контрнаступ УСУ яшчэ не пачаўся, а Пуцін ужо шукае вінаватых у выпадку яго поспеху

Расія па-ранейшаму вядзе зацятыя баі за Бахмут і абстрэльвае тэрыторыю Украіны. Значных поспехаў не дасягнуў ні адзін, ні другі бок. А ў РФ загаварылі пра ўсеагульную мабілізацыю.

Фота: GettyImages

Фота: GettyImages


Генштаб УСУ

Паводле ранішняй зводкі ўкраінскага Генштаба, асноўныя намаганні вораг засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. УСУ за суткі адбілі там больш за 60 нападаў праціўніка.

За мінулыя суткі праціўнік нанёс 4 ракетныя і 60 авіяцыйных удараў, здзейсніў 58 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, пацярпелі і грамадзянскія людзі. Самыя жорсткія баі вядуцца за Бахмут і Мар'інку.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен. За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў абстрэлы населеных пунктаў у Чарнігаўскай і Сумскай абласцях.


Абстрэлы

Херсон 18 красавіка чатыры разы падвяргаўся абстрэлам. У тым ліку расійскія акупанты атакавалі мясцовы рынак, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, яшчэ дзевяць атрымалі раненні. Паведамляецца, што за суткі вораг выпусціў па Херсоншчыне 350 снарадаў.

Акрамя таго, раніцай акупанты з артылерыі абстралялі горад Украінск Данецкай вобласці. У выніку варожай атакі восем чалавек атрымалі раненні, іх даставілі ў бальніцу.

У Запарожскай вобласці за мінулыя суткі абшчыны на лініі судакранання падвергліся 4 авіяцыйным ударам, 1 з БПЛА, 3 з РСЗА і 93 артылерыйскім абстрэлам.

Расійскія войскі ўначы 19 красавіка ўдарылі «Шахедамі» па аб'екце грамадзянскай інфраструктуры ў Адэскай вобласці, узнік пажар. Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без пацярпелых. Пры гэтым зенітчыкі знішчылі 10 з 12 «Шахедаў» у Адэскай вобласці.

Усяго абаронцы збілі 23 беспілотнікі за суткі.

Інфаграфіка: Генштаб УСУ

Інфаграфіка: Генштаб УСУ


Аналітыка

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) аналізуе візіт Пуціна ў часова акупаваныя рэгіёны Украіны. Аналітыкі лічаць, што ён, імаверна, быў накіраваны на публічнае выяўленне патэнцыйных вінаватых у выпадку поспеху наступу УСУ.

Адзначаецца, што Пуцін выслухаў даклады камандуючага паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі генерал-палкоўніка Міхаіла Цяплінскага, камандуючага групай войскаў «Днепр» генерал-палкоўніка Алега Макарэвіча і іншых неназваных военачальнікаў аб сітуацыі на паўднёвай частцы фронту.

Пуцін таксама сустрэўся з генерал-палкоўнікам Аляксандрам Лапіным і іншымі неназванымі высокапастаўленымі афіцэрамі, каб абмеркаваць сітуацыю на Луганскам кірунку.

«Верагодна, Пуцін наўмысна вылучыў Цяплінскага і Макарэвіча як камандзіраў, якія адказваюць за поўдзень Украіны, а Лапіна — як камандзіра, які курыруе Луганскі кірунак, каб у выпадку правалу абвінаваціць іх у паспяховым контрнаступленні УСУ», — пішуць у ISW.

«The Washington Post» са спасылкай на сакрэтны даклад амерыканскай выведкі паведамляе, што Расія спрабуе перакрыць украінскім войскам доступ да Інтэрнэту праз спадарожнікавую сувязь Starlink. Паводле звестак выдання, Масква месяцамі эксперыментавала са сваімі сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы «Табол», спрабуючы парушыць перадачу Starlink ва Украіне.

У высновах адзначаецца, што праграма, «нібыта распрацаваная для абароны спадарожнікаў Крамля, можа быць ужыта для атакі на спадарожнікі, якія выкарыстоўваюць яго праціўнікі».

Кампанія «SpaceX», якой належыць Starlink, адмовілася ад каментароў. Мінулай вясной Ілан Маск коратка пракаментаваў спробы Крамля атакаваць гэтую тэхналогію, адзначыўшы, што, хоць Starlink прадэманстраваў сваю ўстойлівасць да такіх спроб «глушэння і ўзлому», расійцы, падобна, актывізуюць свае намаганні.


Мабілізацыя ў Расіі

Дэпутат расійскай Думы ад часова акупаванага Крыма Міхаіл Шарамет заявіў, што для перамогі над Украінай у Расіі неабходна правесці ўсеагульную мабілізацыю, паведамляе «The Moscow Times».

Адзначаецца, што Шарамет «прадказаў» папярэднюю хвалю мабілізацыі ў Расіі. Ён заявіў аб яе правядзенні 12 верасня, і праз тыдзень яна была афіцыйна абвешчана Пуціным.

Аб мабілізацыі таксама казаў і былы кіраўнік так званай «ДНР», дэпутат Дзярждумы Аляксандр Барадай. Ён абгрунтаваў яе контрнаступленнем Украіны.

Паводле «Карэспандэнт»; РБК-Украіна; «Украінская праўда»