Ацтэкі і міштэкі здабывалі бірузу з мясцовых крыніц
На падставе суадносін стабільных ізатопаў у вырабах з бірузы, створаных старажытнымі жыхарамі дакалумбавай Мезаамерыкі, атрымалася ўсталяваць, што яны атрымлівалі гэты камень з радовішчаў, якія знаходзіліся непадалёк, а не дастаўлялі яго з поўначы, як лічылася раней.
Біруза адыгрывала важную ролю ў мастацтве старажытнай Мексікі. Рэгаліямі царскай улады ў ацтэкаў служылі насавыя ўстаўкі йакашыуітль і карона шыуіцолі — зробленыя з бірузы. Вядомыя ацтэкскія мазаікі з невялікіх кавалачкаў бірузы і іншых матэрыялаў. Навукоўцы доўгі час лічылі, што асноўнай крыніцай бірузы для ацтэкаў і іх суседзяў служылі руднікі, якія існавалі на паўднёвым захадзе сучасных ЗША (Арызона, Нью-Мексіка, Каларада, Каліфорнія і Невада). Маюцца сведчанні гандлёвых сувязяў гэтага рэгіёну з Мезаамерыкай. Папугай, бабы какава і медныя званы з дакалумбавай Мезаамерыкі выяўляюцца археолагамі на паўднёвым захадзе ЗША, асабліва іх становіцца шмат пасля 900 года да н. э. Натуральна было выказаць здагадку, што ў адваротным кірунку перавозілі бірузу.
Але цяпер геахіімк Элісан Цібада (Alyson Thibodeau) з Дзікінсан-каледжа і яе калегі вырашылі вызначыць месца здабычы ацтэкскай бірузы пры дапамозе аналізу «ізатопных подпісаў». Справа ў тым, што суадносіны канцэнтрацый стабільных ізатопаў свінцу і стронцыю ўнікальныя для кожнага рэгіёну. Навукоўцы даследавалі ўзоры бірузы з ацтэкскага храмавага комплексу Тэмпл Маёр на тэрыторыі цяперашняга Мехіка, а таксама пяць узораў з выявамі ў міштэкскім стылі, якія захоўваюцца ў Нацыянальным музеі амерыканскіх індзейцаў Смітсанаўскага інстытута.
Даследаванне паказала, што вырабы з бірузы маюць «ізатопныя подпісы», адпаведныя геалогіі дакалумбавай Мезаамерыкі, а не паўднёвага захаду ЗША. Дакладнае месца здабычы каменя вызначыць пакуль не ўдаецца. Руднікі, дзе актыўна здабывалася б біруза, у гэтым рэгіёне пакуль не знойдзеныя. Радовішча бірузы ў Мексіцы сапраўды маюцца, але яны нязначныя. Але паходжанне гэтай бірузы з радовішчаў ЗША дакладна выключана.
Аўтары працы нагадваюць, што атрыманыя імі вынікі нельга адносіць да ўсёй гісторыі рэгіёну, паколькі даследаваныя ўзоры ўяўляюць вузкі храналагічны і геаграфічны дыяпазон (ацтэкскую імперыю позняга паслякласічнага перыяду). Так што, магчыма, у іншыя перыяды гісторыі біруза ўсё ж такі пастаўлялася ацтэкам і іх суседзям з поўначы.
Паводле Pro Science