Аляксей Навальны: «Вы тут не сумуйце без мяне. А галоўнае — не гультаяваць»

Апазіцыянер Аляксей Навальны асуджаны па справе «Кіраўлеса» да пяці гадоў пазбаўлення волі. Былы кіраўнік «Вяцкай лясной кампаніі» Пётр Афіцэраў асуджаны да чатырох гадоў калоніі. Кожны падсудны асуджаны таксама да штрафу ў 500 тысяч рублёў.



navalniy.jpg

Віна падсудных цалкам даказаная, заявіў суддзя Ленінскага раённага суда Кірава Сяргей Бліноў. У прысудзе Бліноў напісаў, што ў справе адсутнічае палітычная падаплёка.
 

Суддзя пастанавіў узяць падсудных пад варту неадкладна. Аляксея Навальнага і Пятра Афіцэрава з залы суда вывеў канвой.
 

«Добра. Вы тут не сумуйце без мяне. А галоўнае — не гультаяваць, жаба сама сябе з нафтавай трубы не скіне», — напісаў Навальны у твітэр незадоўга да таго, як на яго надзелі кайданкі.
 

Абарона падсудных заявіла, што будзе абскарджваць прысуд суда ў вышэйшай інстанцыі. На падачу апеляцыі адводзіцца 10 дзён. Яшчэ 30 дзён у Кіраўскага абласнога суда будзе на разгляд скаргі. Да ўступлення прысуду ў законную сілу Навальны застанецца кандыдатам у мэры Масквы.
 

Пракуроры прасілі прысудзіць Навальнага і Афіцэрава да шасці і пяці гадоў зняволення адпаведна. Акрамя таго, дзяржаўныя абвінаваўцы патрабавалі аштрафаваць фігурантаў на суму два мільёны рублёў (па мільёну з кожнага).

Навальны і Афіцэраў абвінавачваліся ў крадзяжы прадукцыі «Кіраўлеса» на суму ў 16 мільёнаў рублёў. Па версіі следства, Навальны загадаў Афіцэраву стварыць «ВЛК», а дырэктару «Кіраўлеса» Вячаславу Апалеву — заключыць з гэтай кампаніяй заведама нявыгадны дагавор. У абвінаваўчым заключэнні гаварылася, што «Кіраўлесу» было больш выгадна прадаваць лес наўпрост, а не праз пасярэдніка («ВЛК»). Суддзя, агучваючы прысуд, заявіў, што «ВЛК» атрымлівала сродкі ад дзяржпрадпрыемства, але не аказвала ніякіх паслуг. Некаторыя эканамісты паказвалі, што абвінавачванне называе злачынствам законную прадпрымальніцкую дзейнасць.
 

Абодва фігуранта крымінальнай справы называлі перасьлед палітычным. На думку Навальнага, яму помсцяць за палітычную дзейнасць, а Афіцэраў спатрэбіўся следству, каб сфабрыкаваць справу. У апошнім слове Навальны казаў, што для дасягнення «палітычнага выніку» Афіцэрава, у якога пяцёра дзяцей, саджаць не трэба.
 

Расследаванне справы «Кіраўлеса» вялося на працягу некалькіх гадоў і неаднаразова прыпынялася і аднаўлялася. Першапачаткова справа была заведзеная па артыкуле 165 КК РФ («Прычыненне маёмаснай шкоды шляхам падману альбо злоўжывання даверам») па заяве дырэктара «Кіраўлеса» Вячаслава Апалева. Пасля справу перакваліфікавалі на больш цяжкі артыкул 160 КК РФ («Прысваенне або растрата»), а Апалеў з пацярпелага ператварыўся ў абвінавачанага. Ён заключыў здзелку са следствам і атрымаў чатыры з паловай гады ўмоўна. Навальны лічыць, што Апалеў абгаварыў яго, каб атрымаць больш мяккае пакаранне.

lenta.ru