Андрэа Камілеры. Елізавета Другая. Барак Абама

Андрэа Камілеры

Андрэа Камілеры
Пісьменнік, аўтар крымінальных раманаў вырашыў зрабіць тое, што не атрымліваецца ў палітыкаў левых поглядаў. Тыя ніяк не могуць стварыць годную апазіцыю ўраду Сільвіа Берлусконі. У краіне дзейнічае ўжо некалькі дзесяткаў ініцыятыў, аднак ніякай сапраўднай пагрозы існуючай уладзе яны не ствараюць. Аднак, здаецца, гэта ўжо ў мінулым. Па закліку Андрэа Камілеры (Andrea Kamilleri) на Апенінах створана Партыя беспартыйных. Як не дзіўна гучыць, прапанова аўтара дэтэктываў не стала пустым гукам. Галоўная апазіцыйная Партыя дэмакратаў перажывае не лепшыя часы, і людзі шукаюць альтэрнатыву. Пісьменніку патэлефанавалі некалькі вядомых палітыкаў і грамадскіх актывістаў і прапанавалі свае паслугі. Сярод іх, напрыклад, Антоніа дзі Пьетра (Antonia Di Pietro) — следчы, адказны за славутую антыкарупцыйную аперацыю “Чыстыя рукі. Ідэя стварэння Партыі беспартыйных знайшла падтрымку сярод карыстальнікаў інтэрнэту. Калі ўсё будзе добра, то партыя паспее выставіць свой спіс кандыдатаў на запланаваныя ў маі выбары ў Еўрапарламент. Для гэтага патрэбна сабраць 200 тысяч подпісаў. Каб мець у Бруселі сваіх дэпутатаў, партыя павінна набраць больш за чатыры працэнта. Між тым, адпаведна апытанням, за партыю Камілеры можа аддаць голас кожны дзесяты італьянскі выбаршчык.


Елізавета Другая
Думаецца, каралева Вялікабрытаніі вельмі здзівілася б, калі даведалася, што сорак гадоў таму ледзь не стала ахвярай тэрарыстаў. Адзін з ветэранаў аўстралійскай паліцыі прызнаўся, што ў красавіку 1970 года толькі цуд выратаваў Яе Вялікасць. Яна з мужам на той час наведвала Аўстралію. Каралеўская пара падарожнічала па краіне цягніком. Невядомыя паклалі вялікую драўляную калоду на шпалы, і толькі тое, што цягнік выпадкова збавіў хуткасць, дазволіла пазбегнуць катастрофы. Лакаматыў, замест таго, каб урэзацца ў калоду, проста пачаў штурхаць яе ўздоўж магістралі. На месца адразу прыбылі паліцэйскія і канстатавалі відавочны акт сабатажу. Літаральна за гадзіну па гэтай трасе спакойна праехаў іншы цягнік. Акрамя таго, вакол не было ніводнага пабу або бару, што дазваляла зняць версію пра хуліганаў. Аднак само следства хутка зайшло ў тупік. Тым не менш тагачасны ўрад Аўстраліі забараніў следчым інфармаваць прэсу. Пра падзеі стала вядома толькі зараз. Самі мясцовыя паліцэйскія лічыць, што хутчэй за ўсё замах арганізавалі аўстралійскія прыхільнікі групоўкі “Ірландская рэспубліканская армія (IRA), якая на той час змагалася з дапамогай тэрарыстычных акцый за правы каталіцкай меншасці ў Паўночнай Ірландыі.


Барак Абама

obama.jpg

Яшчэ падчас выбарчай кампаніі Абама паабяцаў больш уважліва ставіцца да правоў гомасексуалістаў, якія служаць у шэрагах амерыканскай арміі. У фокус ягонай крытыкі патрапіў пункт вайсковага статуту, які патрабуе ад гея абавязкова інфармаваць кіраўніцтва пра свой светапогляд. Пасля салдат павінен чакаць прыблізна некалькі месяцаў, пакуль кіраўніцтва вырашыць, выкінуць або пакінуць яго ў казарме. Абама стрымаў свае слова. Як заявіў прадстаўнік Белага дому, згаданы пункт статуту будзе скасаваны. Цікава, што скасаваць гэты пункт статуту абяцаў яшчэ ў часы сваёй выбарчай кампаніі 1992 года Біл Клінтан. Ён нават плакаў на нейкім мітынгу, калі распавядаў пра пакуты “блакітных салдат. Калі верыць статыстыцы, кожны год 1500 салдат арміі ЗША прыходзяць да думкі, што яны нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі. У гэтым пытанні ёсць яшчэ адзін важны момант: замена 9 тысяч салдат-геяў на салдат з традыцыйнай сексуальнай арыентацыяй каштавала ЗША ў 90-я гады 93 мільёна долараў ЗША.