Азербайджан заявіў пра больш за дзве тысячы забітых і параненых армян. Ерэван адказаў, што гэта страты Баку за суткі
Страты армянскага боку ў Нагорным Карабаху з моманту аднаўлення канфлікту складаюць да 2300 забітых і параненых, абвясціла раніцай 30 верасня Мінабароны Азербайджана.
![3014fdc9f7d57a0_759x425.jpg 3014fdc9f7d57a0_759x425.jpg](/img/v1/images/3014fdc9f7d57a0_759x425.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У ведамстве сцвярджаюць, што таксама знішчылі каля 130 армянскіх танкаў і іншай бронетэхнікі, больш за 200 артылерыйскіх установак, каля 25 сістэм супрацьпаветранай абароны, шэсць камандных пунктаў кіравання і пяць складоў боепрыпасаў.
Армянскі бок не пацвярджае гэтыя звесткі. Прэс-сакратар Мінабароны Арменіі Шушан Сцепанян напісала ў фэйсбуку, што азербайджанскія вайскоўцы прыпісваюць армянскім ўласныя страты за апошнія суткі.
У непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспубліцы заявілі, што з армянскага боку ў баях загінуў 81 чалавек, раненні атрымалі 120 вайскоўцаў.
Паводле звестак Ерэвана, з пачатку баявых дзеянняў Баку страціў забітымі 790 вайскоўцаў і 1,9 тысячы параненымі. Таксама знішчаныя 137 азербайджанскіх танка, 72 беспілотнікі, сем верталётаў і адзін самалёт Ан-2.
Азербайджанскі бок звестак аб сваіх стратах не даваў.
Ваенны канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам у Нагорным Карабаху аднавіўся раніцай 27 верасня — абодва бакі абвінавацілі адзін аднаго ў правакацыях і пачатку наступу па лініі судакранання. Баі ў рэгіёне працягваюцца чацвёртыя суткі. У сувязі з абвастрэннем канфлікту ў абедзвюх краінах уведзена ваеннае становішча.
Паводле meduza.io