"Азербайджан ператвараецца ў дыктатуру: не паддацца "ікорнай дыпламатыі"

Ва ўплывовым брытанскім штодзённіку The Guardian 12 жніўня выйшла публікацыя ад імя ганаровага прэзідэнта Суэр Белхасен з нагоды крымінальнага пераследу праваабаронцаў Лэйлы і Арыфа Юнус у Азербайджане.    



souhayr_belhassen.jpg

Лэйла і Арыф Юнус усё жыццё займаліся абаронай правоў чалавека. Зараз ім пагражае доўгае турэмнае зняволенне. Як Еўропа можа закрываць на гэта вочы, пытаецца Суэр Белхасен.

Праз крыху больш чым два месяцы пасля пышнай цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх Гульняў у сталіцы Азербайджана, Бакінскі суд па цяжкіх злачынствах павінен вынесці прысуд Лэйле Юнус, дырэктару Інстытута міру і дэмакратыі (ІМД), і яе мужу Арыфу. Лэйле Юнус прад'яўленыя абвінавачванні ў махлярстве ў буйным памеры, службовым падлогу, ухіленні ад выплаты падаткаў і незаконным прадпрымальніцтве, і ёй пагражае да 11 гадоў пазбаўлення волі. Арыф Юнус абвінавачваецца ў махлярстве ў буйным памеры, і для яго было запатрабаванае пакаранне тэрмінам да 9 гадоў.

Прысуд міжнародна вядомым праваабаронцам Юнус гучыць як набат некалі дынамічнай грамадзянскай супольнасці. Тая грамадзянская супольнасць, якая ў 2012 годзе арганізавала масавыя пратэсты супраць правядзення ў Баку песеннага конкурсу "Еўрабачанне", разбіта.

Больш за дзесяцігоддзе ўлады Азербайджана бессаромна выкарыстоўвалі «ікорную дыпламатыю» для гульні з Еўропай, якая з'яўляецца галоўным маршрутам экспарту азербайджанскага газу і нафты. У адказ еўрапейскія краіны заплюшчылі вочы на парушэнні правоў чалавека, якія адбываюцца ў Азербайджане. У імя Лэйлы і Арыфа Юнус, ў імя незалежнай грамадзянскай супольнасці, якая з'яўляецца галоўнай апорай дэмакратыі, час пакласці канец беспакаранасці ўладаў.

Да свайго затрымання Лэйла Юнус працавала над складаннем спісу азербайджанскіх палітычных зняволеных і вязняў сумлення. Муж і жонка Юнус таксама прымалі актыўны ўдзел у дзейнасці, закліканай спрыяць прымірэнню армянскага і азербайджанскага народаў (у цяперашні час краіны знаходзяцца ў стане замарожанага канфлікту ў Нагорным Карабаху). Пасля гэта паслужыла падставай для абвінавачвання Лэйлы ў дзяржаўнай здрадзе, якое вылучана ў асобную вытворчасць.

Першае затрыманне мужа і жонкі Юнус адбылося ў красавіку 2014 года. Услед за гэтым допытам іх пашпарты былі канфіскаваныя, у кватэры праведзены вобшук, а банкаўскія рахункі былі замарожаныя. Пасля перажытага стрэсу Арыф, у якога і да гэтага былі праблемы са здароўем, трапіў у бальніцу.

Гэтае затрыманне знаменавала шэраг масавых рэпрэсій рэжыму Ільхама Аліева, накіраваных на падаўленне любых незалежных галасоў напярэдадні Еўрапейскіх Гульняў. Многія азербайджанскія НДА былі зачыненыя, іх рахункі — замарожаныя, а супрацоўнікі падвергнуліся арыштам.

30 ліпеня 2014 г. мужа і жонку Юнус зноў дапытвалі ў Генеральнай пракуратуры і пасля арыштавалі. У чаканні судовага разбіральніцтва, яны ўтрымліваліся пад вартай у розных турмах на працягу цэлага года, што супярэчыць міжнародным праваабарончым нормам. На працягу ўсяго гэтага часу іх просьбы аб прадастаўленні належнай медыцынскай дапамогі былі адхіленыя.

Падобны лёс таксама спасціг многіх актывістаў грамадзянскай супольнасці, якія былі адвольна затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Некаторым з іх ужо вынесеныя судовыя прысуды, якія прадугледжваюць працяглыя тэрміны пазбаўлення волі. Спіс палітычных зняволеных не так даўно папоўніўся імёнамі Расула Джафарава, ініцыятара кампаній «Спявай для дэмакратыі» і «Спорт за правы чалавека» і Інтыгама Аліева, вядомага юрыста-праваабаронцы.

Да прыкрасці азербайджанскага ўрада, Еўрапейскія Гульні дазволілі галоўным чынам надаць галоснасць парушэнням правоў чалавека, якія маюць месца ў краіне ў цяперашні час.

Гэта не магло не выклікаць рэакцыю з боку ўладаў, і фактычна закрыццё Гульняў знаменавала сабой новы віток яшчэ больш масавых і жорсткіх рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці. Не далей як у мінулую нядзелю ад атрыманых раненняў сканаў Расім Аліеў, кіраўнік Інстытута свабоды і бяспекі рэпарцёраў (IRFS), які ўлады Азербайджана зачынілі год таму. Як паведамляецца, напярэдадні ён быў збіты сваякамі футбаліста, якога ён раскрытыкаваў ў сацыяльнай сетцы Facebook. Хто б ні быў вінаваты ў смерці Расіма, відавочна, што ў дачыненні прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў Азербайджане дадзены ясны сігнал беспакаранасці.

Азербайджан імкліва ідзе да ўстанаўлення ў краіне поўнамаштабнай дыктатуры накшталт рэжыму, дзеючага цяпер у былых савецкіх рэспубліках, Беларусі і Узбекістане.

Ёсць падставы меркаваць, што заўтра, 13 жніўня, працэс па справах Лэйлы і Арыф Юнус будзе завершаны, а рашэнне суда абвешчана бліжэйшым часам. Прымаючы пад увагу тэрміны пакарання, прысуджаныя Інтыгаму Аліеву і Расулу Джафараву, можна меркаваць, што паводле прысуду, які будзе вынесены заўтра, праваабаронцам Юнус давядзецца правесці за кратамі вялікую частку будучага дзесяцігоддзя. Хоць Джафараву і Аліеву была прадастаўлена магчымасць абскардзіць вынесеныя прысуды, слуханні па іх апеляцыях занялі ўсяго некалькі хвілін і пакінулі вынесеныя раней прысуды без змены. Адвакат Лэйлы Раміз Мамедаў назваў сітуацыю, якая склалася, «жудаснай».

У мінулым азербайджанскія суды ўжо дэманстравалі сваё грэбаванне міжнароднымі нормамі справядлівага судовага разбіральніцтва. Так, у зале суда супругі Юнус былі змешчаныя ў шкляную клетку, а не пасаджаныя побач са сваімі адвакатамі ў адпаведнасці са сваімі правамі. Доступ  дыпламатычных работнікаў, журналістаў і прадстаўнікоў НДА быў абмежаваны. Усе камеры і гуказапісвальныя прылады таксама былі забароненыя да выкарыстання, таму прамыя сведчанні гэтай пародыі на правасуддзе адсутнічаюць.

У чэрвені, калі Гульні ішлі поўным ходам, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) зрабіла першы важны крок, прыняўшы асноватворную рэзалюцыю і выказаўшы заклапочанасць «узрастаючай колькасцю рэпрэсій супраць незалежных СМІ і абаронцаў свабоды выказвання ў Азербайджане». Нягледзячы на гэтую станоўчую прыкмету таго, што не ўсе ў Еўропе гатовыя і далей трываць тое, што адбываецца ў Азербайджане, гэтага недастаткова, каб выправіць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.

Кожная з еўрапейскіх краінаў павінна гучна і выразна заявіць пра неабходнасць пакласці канец рэпрэсіям, якія праводзяцца прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Еўропа павінна прад'явіць уладам наступныя патрабаванні, выкананне якіх неабходна для працягу далейшага супрацоўніцтва з Азербайджанам: неадкладнае вызваленне Лэйлы і Арыфа Юнус, а таксама ўсіх астатніх праваабаронцаў і палітычных зняволеных, змена законаў аб няўрадавых арганізацыях, размарожванне банкаўскіх рахункаў праваабаронцаў і НДА. Грамадзянскія і палітычныя правы чалавека павінны стаяць вышэй за эканамічныя і геапалітычныя інтарэсы.

У студзені 2015 года Суэр Белхасен ўдзельнічала ў даследчай місіі ў Азербайджане, арганізаванай Абсерваторыяй па абароне правоў праваабаронцаў (FIDH-OMCT) (гл. Справаздачу Абсерваторыі «Азербайджан: рэпрэсіі ўзмацняюцца напярэдадні Еўрапейскіх гульняў»).

Пераклад з англійскай мовы  Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH).


spring96.org