Байкатаваць Еўрабачанне

Конкурс «Еўрабачання» ў Баку абяцае стаць грандыёзным і адначасова вельмі скандальным мерапрыемствам.

Як вядома, Баку атрымаў права праводзіць фінал конкурсу пасля таго, як азербайджанскі дуэт Нігяр Джамал і Эльдар Касімаў з песняй «Running Scared» выйграў конкурс «Еўрабачанне–2011», які праходзіў у нямецкім Дзюсельдорфе.



e23b16e83342d08d0d3ef4eeed9d3299.jpg

Конкурс «Еўрабачання» ў Баку абяцае стаць грандыёзным і адначасова вельмі скандальным мерапрыемствам.
Як вядома, Баку атрымаў права праводзіць фінал конкурсу пасля таго, як азербайджанскі дуэт Нігяр Джамал і Эльдар Касімаў з песняй «Running Scared» выйграў конкурс «Еўрабачанне–2011», які праходзіў у нямецкім Дзюсельдорфе.
Нягледзячы на тое, што мастацкі ўзровень «Еўрабачання» дастаткова нізкі, конкурс карыстаецца вялікай папулярнасцю (яго фінал у сярэднім глядзяць 100 мільёнаў чалавек). Акрамя таго, шмат хто разглядае як сапраўднае міжнацыянальнае супрацьстаянне.
Так, пасля таго, як стала вядома пра перамогу азербайджанскага дуэта, на вуліцы Баку высыпалі людзі. І гэта нягледзячы на лівень і на тое, што ў Азербайджане была ўжо глыбокая ноч. Прэзідэнт Ільхам Аліеў адразу назваў навіну з Германіі «вялікім поспехам азербайджанскай дзяржавы і яе народа». Урад краіны заявіў, што перамога дасць краіне шанец паказаць усёй Еўропе сваю культуру і традыцыі.
У Баку адразу пачалі рыхтавацца да «Еўрабачання–2012». Прычым з вялікім размахам. Дастаткова сказаць, што ў горадзе будуюць новы канцэртны комплекс для спартовых і забаўляльных мерапрыемстваў, які здольны змясціць 25 тысяч чалавек.
Аднак запланаваная піяр-акцыя азербайджанскіх уладаў мае і адваротны бок. Азербайджан трапіў у фокус інтарэсу сусветнай грамадскасці, і праціўнікі аліеўскага рэжыму дзякуючы «Еўрабачанню» атрымалі пляцоўку для гучных заяў. Акрамя таго, у іх з’явілася моцная зброя — заклікі да байкоту конкурсу, якія вельмі трывожна ўспрымаюцца ў Баку.
Як і трэба было чакаць, першымі супраць «Еўрабачання» выступілі армянскія нацыяналісты. І не толькі ў Арменіі. Іх арганізацыі ў замежжы пачалі ціснуць мясцовыя ўрады таксама адклікаць сваю заяўку на ўдзел у «Еўрабачанні–2012».
«Паважаючы памяць нявінна забітых азербайджанскімі нацыяналістамі мірных армян, а таксама ў знак памяці да шматлікіх сотняў тысяч армян-уцекачоў, мы заклікаем Арменію адмовіцца і не браць удзел у песенным конкурсе. Мы заклікаем краіны, якія заснавалі конкурс «Еўрабачанне», а гэтак жа ўдзельнікаў конкурсу песні «Еўрабачанне–2012» і Еўрапейскі вяшчальны саюз падтрымаць нас і абвясціць байкот планаванаму песеннаму конкурсу», — гаворыцца ў звароце адной з армянскіх нацыяналістычных арганізацый.
Сама Арменія пакуль не вызначылася наконт удзелу ў мерапрыемстве. Фармальна права належыць дзяржаўнаму тэлебачанню, хаця рашэнне яўна будзе прынята на больш высокім узроўні. Таксама варта адзначыць, што ў краіне ідзе выбарчая кампанія ў парламент, што ўплывае на рашэнне пра паездку ў Баку.
Скарысталіся сітуацыяй і праваабарончыя арганізацыі. Азербайджан мае цудоўных музыкаў, аднак правамі чалавека ён ганарыцца не можа. Арганізацыя «Freedom House» змясціла Азербайджан на 171-е месца з 191 краіны ў плане свабоды прэсы і правоў грамадзян. Праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» налічвае ў мясцовых турмах 17 вязняў сумлення і патрабуе іх неадкладнага вызвалення. Касцяк азербайджанскіх палітычных лідараў — арыштаваны за ўдзел у акцыях пратэсту супраць аліеўскага аўтарытарызму.
Праваабарончыя арганізацыі спадзяюцца, што міжнародная супольнасць зверне ўвагу і на парушэнні правоў чалавека ў Азербайджане. «Дзякуючы гэтай перамозе, Азербайджан апынецца ў цэнтры ўвагі ўсёй Еўропы. Гэта можа азначаць, што ўрад пачне лепш абыходзіцца са сваімі грамадзянамі», — кажа азербайджанскі праваабаронца Табіб Гусейнаў.
Шэраг праваабарончых арганізацый ужо пачалі кампанію пад слоганам «Спявай у імя дэмакратыі», прымеркаваную да правядзення «Еўрабачання» ў Баку.
Самы свежы прыклад парушэння правоў чалавека звязаны непасрэдна з падрыхтоўкай да правядзення «Еўрабачання–2012». Абнаўленне архітэктурнага аблічча Баку, актыўнае будаўніцтва гатэляў і сучасных бізнэс-цэнтраў напярэдадні конкурсу суправаджаюцца гвалтоўнымі высяленнямі тысяч жыхароў горада. Усяго, па падліках спецыялістаў, улады збіраліся знесці 65 дамоў. Шмат іх жыхароў адмаўляліся пакінуць родныя хаты, сцвярджаючы, што грашовая кампенсацыя за высяленне вельмі нізкая (прыкладна 1900 долараў за квадратны метр).
Пакутуюць ад “Еўрабачання не толькі людзі, аднак і іх браты меншыя. Увосень абаронцы жывёл атрымалі трывожныя паведамленні пра знішчэнне бадзяжных жывёл на вуліцах Баку. Азербайджанскія эколагі кажуць пра масавае забойства катоў і сабак.
Нічога дзіўнага, што ізраільская арганізацыя абароны жывёл у сваім лісце на імя міністра культуры заклікала яго не дасылаць ізраільскую дэлегацыю ў Азербайджан. Улады Баку не адмаўляюць, што «чыстка» вуліц мае месца, аднак адзначаюць, што знішчэнню падвяргаюцца толькі хворыя жывёлы.
Аднак найбольш скандальная тэма, звязаная з «Еўрабачаннем–2012», тычыцца гей-параду. Так павялося, што апошнія «Еўрабачанні» не абыходзіліся без карнавальных вулічных дэфіле прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў.
Адпаведна, улады трапілі ў пастку. З аднаго боку, хочацца зрабіць усё як у людзей. З іншага, гей-парад у Баку — гэта ўдар па прэстыжу ўлады. Публіка ў Азербайджане вельмі кансерватыўная.
Адсюль супярэчлівы канвульсіі ва ўладных калідорах. Спачатку ідэю гей-параду ў Баку ўспрынялі як нейкую правакацыю, прычым звязаную з падкопамі армянскіх спецслужб. Пасля, калі еўрапейскія праваабарончыя арганізацыі пабачылі ў гэтым парушэнне правоў сэксуальных меншасцяў, стаўленне да пытання змянілася.
«Мы разглядаем усё гэта (абвінавачанні ў парушэнні правоў геяў) як няўдалыя спробы скептыкаў з-за мяжы, якія выкарыстоўваюць надыходзячы конкурс «Еўрабачання» ў Азербайджане і наўмысна згушчаюць фарбы. Улады Азербайджана запэўніваюць, што будуць добразычліва ставіцца да турыстаў-геяў, якія прыедуць у Баку», — кажа адзін з чыноўнікаў, адказных за падрыхтоўку да “Еўрабачання.
Адным словам, можна чакаць, што нейкая імітацыя гей-параду ў Баку ўсё ж можа мець месца. Што выклікае жах у мясцовай гей-субкультуры. «Сярод бакінскіх геяў і лесбіянак ніхто нават не думаў пра публічную акцыю», — прызнаецца адзін з актывістаў супольнасці ў інтэрв’ю ВВС.
Заклапочанасць гей-актывістаў гульнямі ўладаў у галіне правоў сэксуальных меншасцяў цалкам зразумелая. Адказваць давядзецца не гей-турыстам, а гей-тубыльцам. Прапанова пра правядзенне гей-параду падчас музычнага конкурсу “Еўрабачання ў Баку ўжо выклікала гнеў у кансерватыўных жыхароў азербайджанскай сталіцы. У фэйсбуку была аператыўна створана старонка, аўтары і сябры якой заклікаюць сказаць параду цвёрдае «не». А група мясцовых геяў з таго часу стала рэгулярна атрымліваць смяротныя пагрозы.