Беларускім шляхам. У РФ хочуць забіраць маёмасць у тых, хто крытыкуе вайну

Вячаслаў Валодзін прапанаваў канфіскоўваць маёмасць у «нягоднікаў», якія з'ехалі за мяжу і крытыкуюць вайну.

76d377a9c7ce91122b1299e6897a0f87.jpg

У расіян, якія пакінулі краіну і крытыкуюць вайну і расійскую ўладу, варта канфіскоўваць маёмасць. Пра гэта напісаў у сваім тэлеграм-канале спікер Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін, піша meduza.io.

Паводле яго слоў, некаторыя расіяне «лічаць магчымым абражаць Расію, яе жыхароў, салдат і афіцэраў, адкрыта падтрымліваць зладзеяў, нацыстаў і забойцаў». Мэта такіх людзей, на думку Валодзіна — «выслужыцца і паспрабаваць захаваць свой дабрабыт за мяжой».

«Падобныя заявы могуць быць расцэнены як заклікі да экстрэмізму, рэабілітацыя нацызму або дыскрэдытацыя Узброеных Сіл. Устанавіць склад злачынства — гэта задача следства. Як паказала практыка, наяўных мер рэагавання недастаткова», — адзначыў Валодзін.

Сярод тых, хто цяпер знаходзіцца на мяжой і крытыкуе расійскую ўладу і войска (Валодзін назваў іх  «нягоднікамі, якія з'ехалі»), ёсць тыя, хто, па словах спікера Дзярждумы, «жывуць нябедна дзякуючы нашай краіне: здаюць у арэнду нерухомасць, працягваюць атрымліваць ганарары за кошт расійскіх грамадзян».

«У гэтай сітуацыі правільна будзе адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэкса дапоўніць пунктам аб канфіскацыі ў нягоднікаў маёмасці ў РФ, якой у іх дастаткова, каб пакрыць нанесеную шкоду», — рэзюмаваў Валодзін.

Кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржбудаўніцтве Андрэй Клішас, якога ТАСС папрасіў пракаментаваць прапанову Валодзіна, заявіў, што канфіскацыя маёмасці за абразу Узброеных Сіл РФ магчымая, але для гэтага трэба ўнесці папраўкі ў Крымінальны кодэкс.



Нагадаем, днямі стала вядома, што «Закон аб канфіскацыі маёмасці» ўжо быў таемна прыняты ў Беларусі. Фармальна ён уступіць у сілу праз тры дні — з 16 студзеня. Маёмасць у Беларусі змогуць забіраць за здзяйсненне «недружалюбных дзеянняў» у дачыненні да беларускіх грамадзян або арганізацый. Тычыцца гэтая мера і юрыдычных, і фізічных асоб — незалежна ад грамадзянства або краіны рэгістрацыі бізнесу. Што такое «недружалюбныя дзеянні», у беларускім законе не прапісана. Аднак спіс «недружалюбных краін» даўно складзены.

Вячаслаў Валодзін ужо неаднаразова выступаў з ініцыятывамі, якія тычацца нязгодных з вайной расіян. У верасні 2022 года ён прапанаваў аддаць удзельнікам баявых дзеянняў аўтамабілі людзей, якія беглі ад мабілізацыі і вымушаны былі кінуць свае машыны на мяжы. А ў снежні ён паведаміў аб падрыхтоўцы паправак па павышэнні падаткаў для тых расіян, хто з'ехаў пасля пачатку вайны. Пакуль, праўда, ніводная з гэтых ініцыятыў Валодзіна рэалізавана не была.