Борыс Джонсан выступіў за правядзенне «Еўрабачання» ва Украіне

Брытанскі лідар назваў перамогу Украіны ў конкурсе сумленнай і заслугаванай.

kalush_orchestra_1.jpg

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан выступіў за тое, каб Украіна атрымала магчымасьць правесьці ў наступным годзе конкурс «Эўрабачаньне».
Аб гэтым ён заявіў пасьля вяртаньня з Кіева, які ён наведаў напярэдадні — другі раз з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Напярэдадні арганізатар «Эўрабачаньня» — Эўрапейскі вяшчальны саюз — заявіў, што насуперак правілам, па якіх конкурс павінна праводзіць краіна-пераможца папярэдняга году, у налета з прычыны ваенных дзеяньняў і зьвязаных зь імі пагроз «Эўрабачаньне» ня зможа прайсьці ва Ўкраіне.
Перамогу на конкурсе сёлета атрымаў украінскі гурт Kalush Orchestra — за кошт аднадушнага галасаваньня тэлегледачоў амаль ва ўсіх краінах Эўропы.
Паводле словаў Джонсана, украінцы перамаглі на конкурсе «сумленна і справядліва» і павінны атрымаць магчымасьць правесьці яго ў 2023 годзе. Брытанскі прэм’ер зазначыў, што да наступнага конкурсу яшчэ амаль год, і ён спадзяецца, што да таго моманту «ўсё будзе добра», і Ўкраіна атрымае магчымасьць яго правесьці. Паводле яго слоў, краіна гэтага заслугоўвае. Конкурс, на думку Джонсана, можа прайсьці ў Кіеве ці іншым «бясьпечным горадзе».
Пры гэтым арганізатары прапанавалі правесьці «Эўрабачаньне-2023» менавіта Брытаніі, чый прадстаўнік заняў сёлета другое месца. Джонсан сказаў, што быў бы рады правядзеньню конкурсу ў Вялікай Брытаніі, але Ўкраіна заслугоўвае гэтага больш.
Арганізатары напярэдадні заявілі, што сумесна з украінскімі партнэрамі і іншымі спэцыялістамі ацанілі магчымасьць правядзеньня конкурсу ва Ўкраіне, у тым ліку па пытаньнях бясьпекі, і прыйшлі да высновы, што гэта немагчыма. У міністэрстве культуры Ўкраіны, аднак, заявілі, што аспрэчаць гэтае рашэньне.
Украіна прымала Эўрабачаньне двойчы: у 2005 і 2017 гадах — пасьля перамогі сваіх прадстаўнікоў. Пасьля перамогі Kalush Orchestra прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі выказваў надзею, што ў будучыні конкурс пройдзе ў Марыюпалі, які ў момант правядзеньня «Еўрабачаньня-2022» быў абложаны расейскім войскам. Цяпер гэты горад, надзвычай моцна пацярпелы падчас баёў, знаходзіцца пад кантролем Расеі і сэпаратыстаў «ДНР».
Расейскія войскі ў красавіку адступілі ад Кіева, і ўкраінская сталіца цяпер па-за зонай дзеяньня артылерыі. Аднак часам па ёй усё ж наносяцца ракетныя ўдары.