Хваля арыштаў у Турцыі: хапаюць прыхільнікаў галоўнага суперніка Эрдагана

У Турцыі ў нядзелю праходзіць маштабная аперацыя супраць прыхільнікаў Фетхуллы Гюлена, суперніка прэзідэнта Эрдагана, які з'ехаў з краіны. 



turkey_protest.jpg

Работнікі газеты Zaman і прыхільнікі Фетхулла Гюлена пратэстуюць унутры офіса газеты падчас правядзення там паліцэйскай аперацыі
Па дадзеных Reuters, затрыманыя больш за 20 чалавек, сілавікі прыйшлі ў офісы газет і тэлеканалаў, звязаных з Гюленам. Прэзідэнт Эрдаган тлумачыць аперацыю змовай з мэтай звяржэння яго ўлады.
Рэйды прайшлі ў офісе газеты Zaman і на тэлекампаніі Samanyolu, якія лічаць звязанымі з Гюленам. Па паведамленні Reuters, каля офіса Zaman ў Стамбуле сабраўся натоўп, скандуюць: «Вольную прэсу нельга заткнуць». Галоўны рэдактар выдання Экрем Дзюманлі з цэнтра натоўпу крычаў паліцыянтам: «Чалавек, якога трэба арыштаваць, чакае тут. Давайце, падыходзьце і бярыце мяне. Я вас чакаю».
Дзяржаўная тэлекампанія TRT Haber паведамляе, што ордэры выпісаныя на арышт 32 чалавек, 23 чалавекі затрыманыя, у тым ліку двое былых паліцэйскіх начальніка. Затрыманы і цэлы шэраг работнікаў Samanyolu TV: гендырэктар, прадзюсер і некалькі сцэнарыстаў канала.
Рэдактар англамоўнай Today's Zaman Булент Кенэса паведаміў Reuters, што паліцэйскія паказвалі яму паперы аб «змове з мэтай звяржэння дзяржаўнага ладу».
Пісьменнік і прапаведнік Фетхулла Гюлен, які з'ехаў у ЗША ў 1999 годзе і з тых часоў не вяртаўся ў Турцыю, лічыцца адным з самых аўтарытэтных турэцкіх мысляроў. Гюлен актыўна ўдзельнічае ў грамадскіх дыскусіях пра будучыню Турцыі, ісламу ў сучаснай дзяржаве, ролі адукацыі і выхавання ў развіцці асобы.
Эрдаган абвінавачвае Гюлена ў стварэнні «паралельных структур» унутры краіны, якія распаўсюджваюць свой уплыў на грамадства і дзяржаўныя інстытуты. Гюлен абвяргае падазрэнні ў намеры звергнуць урад Эрдагана.
Адносіны паміж імі абвастрыліся пасля абвінавачванняў у карупцыі, прад'яўленых у мінулым годзе чыноўнікам, блізкім да Эрдагана. Скандал прывёў да адстаўкі трох турэцкіх міністраў, звальнення тысяч паліцэйскіх чыноў і сотняў суддзяў.