Ці стане Фландрыя новай Каталоніяй? І што будзе з Бельгіяй?

Ужо праз пару месяцаў можа пачацца агонія бельгійскай дзяржавы праз непазбежнае жаданне Фландрыі абвясціць незалежнасць.

Сцяг Фландрыі

Сцяг Фландрыі

Стартам для запуску магчымага працэсу падзела Бельгіі на Фландрыю і Валонію называюць федэральныя выбары 9 чэрвеня. Хаця дакладна прадказаць іх вынікі пакуль цяжка, адно зразумела ўжо зараз. Пасля заканчэння выбараў пачнуцца бясконцыя перамовы наконт складу і фармату федэральнага ўраду. З 2010 года Бельгія перажыла два буйныя палітычныя крызісы праз няздольнасць хутка сфармаваць кабінет, і наўрад на гэты раз атрымаецца хутка дамовіцца. А магчыма дамовіцца ўжо не атрымаецца ўвогуле.

Разрыў паміж Фландрыяй і Валоніяй за апошнія гады толькі павялічваўся. Таму  ўсё сведчыць пра тое, што пошук формулы ўрадавай кааліцыі будзе падобны на пошук формулы квадратуры круга.

Пра такі сцэнар у тым ліку сведчаць нядаўнія інтэрв'ю французскіх чыноўнікаў, якія апублікавала газета Le Monde. Парыж паслаў тых чыноўнікаў  у Брусель у разгар палітычнага крызісу 2010-2011 гадоў. Тады краіна пражыла 541 дзень без дзейнага ўраду, што не падабалася кіраўніцтву суседняй Францыі.

Французам у выніку ўдалося пераканаць фламандцаў і валонцаў неяк зляпіць агульны кабінет. Аднак эмісары вярнуліся зусім без аптымізму. У сваёй справаздачы яны канстатавалі «прыкметы істотнага разыходжання паміж бакамі кааліцыйных перамоваў. Разыходжанні такога маштабу, што яны не тычацца зместу дзяржаўнай палітыкі ў традыцыйным сэнсе гэтага слова». Як адзначалася ў рапарце, «разыходжанні закранаюць саму канцэпцыю бельгійскай дзяржавы, характар яе інстытутаў і фундаментальны пакт, на якім гэтыя інстытуты заснаваны».

Агульны вывад у справаздачы гучыць вельмі трывожна: «Бельгія, дзяржава настолькі слабая, што любы палітычны крызіс стане нагодай паставіць пытанне аб яе выжыванні. Дзяржава настолькі штучная, што яна ляснецца пасля выхаду са складу краіны фламандскай нацыі, што ў сваю чаргу падобна непазбежна».

Такім чынам, калі ў выніку перамоваў пасля выбараў 9 чэрвеня 2024 года не будзе знойдзены інстытуцыйны кампраміс, нішто не перашкодзіць Фландрыі выкарыстаць сваю дэмакратычную легітымнасць ва ўласным парламенце для фактычнага аднабаковага абвяшчэння незалежнасці.

Тое, што ў тым парламенце будуць дамінаваць незалежнікі, відавочна. Паводле апытанняў, абсалютную большасць на выбарах атрымаюць правацэнтрысцкая партыя Nieuw-Vlaamse Alliantie (N-VA, Новы фламандскі альянс) і вельмі правая партыя Vlaams Belang. Абедзве партыі, нягледзячы на некаторыя рознагалоссі, салідарныя ў тым, што Фландрыя павінна стаць незалежнай.

У чымсьці такі ход падзей нагадвае каталонскі крызіс 2019-га, калі каталонскія нацыяналісты, якія атрымалі большасць у парламенце, без кансультацый з Мадрыдам абвясцілі незалежнасць. Аднак праект праваліўся, у тым ліку з-за пазіцыі Еўрапейскага Саюза, які праігнараваў просьбы каталонцаў аб прызнанні.

Глядзіце таксама

Але, на думку некаторых экспертаў, прыклад Каталоніі для сітуацыі ў Бельгіі не пасуе. Яны звяртаюць увагу, што ўсеагульная забастоўка ў Каталоніі і масавыя пратэсты сепаратыстаў не асабліва паўплывалі на агульны стан іспанскай дзяржавы. Зусім іншым можа быць эфект, калі ўся Фландрыя пачне сабатаваць рашэнні цэнтру.

Без эканомікі Фландрыі Бельгія не зможа пратрымацца доўга. А адсутнасць моцнай улады ў Бруселі негатыўна адаб'ецца на рабоце органаў Еўрасаюза, якія знаходзяцца ў бельгійскай сталіцы. Таму з часам Еўрапейскі Саюз будзе вымушаны змірыцца з падзелам Бельгіі.

А што Валонія — другая частка Бельгіі? Не выключаюць, што ў выпадку калапсу Бельгіі Парыжу давядзецца браць гэты рэгіён на буксір. Апытанне Французскага інстытута грамадскага меркавання (IFOP) у 2010 годзе паказала, што калі б палітычны крызіс у Бельгіі прывёў да падзелу краіны, 66% рэспандэнтаў у Францыі падтрымалі бы аб'яднанне Валоніі з Францыяй. Тая ж IFOP паведамляе, што падтрымка аб'яднання Валоніі з Францыяй стала расце з 2007 года.

Цікава, што У Валоніі аматараў стаць французамі куды менш. Паводле  апытання ўсё таго ж IFOP, праведзенага ў 2010 годзе падчас бельгійскага палітычнага крызісу, 32% апытаных валонцаў падтрымалі бы аб'яднанне з Францыяй у выпадку падзелу Бельгіі. 

Не будзем забываць, што ў Бельгіі ёсць акрамя ўсяго нямецкамоўная вобласць, якой наканавана ў выпадку краху Бельгіі павярнуцца ў склад ФРГ. 

Вось такія цікавыя турбуляцыі магчыма чакаюць Еўропу ў самы бліжэйшы час. Зрэшты, пагрозу для еўрапейскай стабільнасці яны наўрад уяўляюць. Разыдуцца жыць па розных кватэрах народы, якія даўно навучыліся жыць асобна. Хаця зразумела, што наступствы будуць. З’яўленне на мапе незалежнай Фландрыі актывізуе незалежніцкія рухі іншых народаў еўрапейскага кантыненту.