Цяпер афіцыйна: новым федэральным канцлерам Германіі абраны Олаф Шольц
У падтрымку сацыял-дэмакратычнага палітыка прагаласавалі 395 дэпутатаў Бундэстага. Олаф Шольц становіцца дзявятым па ліку канцлерам ФРГ.
Сацыял-дэмакратычны палітык Олаф Шольц у сераду, 8 снежня, абраны новым федэральным канцлерам Германіі. У яго падтрымку прагаласавалі 395 дэпутатаў бундэстагу, піша DW.
Згодна з артыкулам 63 Канстытуцыі ФРГ, канцлера па выніках парламенцкіх выбараў абірае парламент — Бундэстаг — і прапануе на зацвярджэнне Федэральнаму прэзідэнту. Абіраецца той, хто набярэ большасць галасоў дэпутатаў — не менш за 369. Шольц атрымаў перамогу дзякуючы падтрымцы не толькі з боку ўласнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ), але і з боку Зялёных і Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП). Менавіта гэтыя тры палітычныя сілы ўтвараюць новую кіруючую кааліцыю ў ФРГ.
Олаф Шольц стане дзявятым па ліку канцлерам Германіі. Палітык нарадзіўся ў 1958 годзе ў Оснабруке, вывучаў юрыспрудэнцыю, праходзіў альтэрнатыўную вайсковую службу і працаваў адвакатам. Шольц двойчы быў дэпутатам Бундэстага — з 1998 па 2001 год і з 2002 па 2011 год. З 2007 па 2009 год ён займаў пасаду міністра працы ва ўрадзе ФРГ, з 2011 па 2018 год быў першым бургамістрам Гамбурга, а з сакавіка 2018 года кіраваў міністэрствам фінансаў ФРГ і адначасова займаў пасаду віцэ-канцлера.
У ходзе перадвыбарчай кампаніі Шольца нярэдка крытыкавалі за адсутнасць харызмы. Паводле апытання, праведзенага сацыялагічным інстытутам YouGov, амаль дзве траціны немцаў не думаюць, што Шольц прабудзе па пасадзе канцлера больш за чатыры гады.
Як паказалі звесткі апытання, апублікаваныя 8 снежня, 20 адсоткаў рэспандэнтаў мяркуюць, што ўзначаленая Шольцам трохпартыйная кааліцыя распадзецца яшчэ да наступных выбараў у Бундэстаг. Яшчэ 44 адсоткі мяркуюць, што Шольц пратрымаецца ва ўладзе ўсе чатыры гады, але не будзе пераабраны зноў. І толькі 1,3 адсоткі апытаных настолькі вераць у Шольца, што мяркуюць, што ён будзе заставацца ва ўладзе гэтак жа доўга, як і яго папярэдніца Ангела Меркель — 16 гадоў.