Дасье ў карыкатурах: Французская рулетка

У Францыі фактычна стартавала кампанія па выбарах прэзідэнта. Яны прызначаны на 10 красавіка 2022 года і абяцаюць быць абсалютна непрадказальнымі. З дапамогай карыкатур прадстаўляем асноўных кандыдатаў.  

Цяперашні французскі лідар Эмануэль Макрон пакуль яшчэ лічыцца фаварытам. Аднак канкурэнтаў у яго ў 2022 годзе будзе дастаткова. Непрадказальнасці прэзідэнцкай гонцы дадае пандэмія, а таксама спрэчкі вакол іміграцыі і ісламісцкага радыкалізму. Як піша прэса, наўрад ці ў гісторыі краіны былі настолькі моцныя пратэставыя настроі напярэдадні галасавання.

Старт кампаніі аказаўся няўдалым для прэзідэнта. За апошнія два тыдні ён страціў 4% галасоў, дзякуючы ў тым ліку англасаксонскім сябрам, якія стварылі таемна ад Францыі ваенна-палітычны блок AUKUS і пазбавілі краіну гіганцкага кантракту на пастаўкі субмарын у Аўстралію. Мінорны настрой Макрона праз скандал з субмарынамі выявіў мастак выдання Cartoon Movement.


У спіну Макрону дыхае лідар партыі «Нацыянальны фронт» Марын Ле Пэн. Менавіта яна на выбарах 2017 года склала яму асноўную канкурэнцыю. Незадаволенасць народа ўладай робіць Ле Пэн лідарам як мінімум першага тура галасавання. На першым этапе за яе гатовыя аддаць галасы 18% выбаршчыкаў, а Макрону — толькі 16%. Аднак у другім раўндзе сацыёлагі прагназуюць перамогу Эмануэля. Як сведчыць карыкатура, Ле Пэн як і раней стала эксплуатуе пагрозу ісламскага тэрарызму, з якім яна ў выпадку перамогі натуральна абяцае рашуча расправіцца.


Адна з інтрыг кампаніі — ці змогуць павярнуцца на першыя пазіцыя «галісты» з партыі «Рэспубліканцы»? Становішча рэспубліканцаў даволі складанае. Пра свае амбіцыі заявілі адразу некалькі чалавек. Самым галоўным цяжкавагавіком лічыцца Ксавье Бертран, які выйграў у чэрвені выбары кіраўніка аднаго з важных рэгіёнаў. Паводле апошніх апытанняў, кансерватара ставяць на трэцяе месца ў першым раўндзе. Аднак канчатковая перамога ў прэзідэнцкіх выбарах будзе залежаць ад таго, ці дапусціць нейкую памылку Макрон за час да выбараў. Пакуль таксама незразумела — ці здолее партыя аб’яднацца вакол таго ж Бертрана? Адсутнасць адзінства сярод рэспубліканцаў стала тэмай карыкатуры.


Лідар левага праекта «Непакорная Францыя» Жан-Люк Меланшон падае заяўку на пасаду французскага гаранта ўжо ў трэці раз. Прычым заявіў ён пра сваё жаданне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы яшчэ ў лістападзе мінулага года. Парадаксальна, але далёка не малады Жан-Люк актыўней за іншых выкарыстоўвае ўсякія тэхналагічныя фішкі. Напрыклад, яго выступы перадаюцца ў іншыя гарады ў выглядзе галаграмы. Іранізуючы над палітыкам, выданне Science et avenir адлюстравала яго ў выглядзе прынцэсы Леі з сагі «Зорныя войны». Прынцэса, як вядома, таксама выкарыстоўвала галаграмы.


Канкурэнцыю Меланшону на левым флангу можа скласці Анн Ідальга — першая ў гісторыі горада жанчына-мэр Парыжу. Мадам Ідальга прадстаўляе Сацыялістычную партыю. Раней яна заваявала сімпатыі сярод абаронцаў навакольнага асяроддзя, прапанаваўшы забараніць аўтамабілі з высокім узроўнем забруджання парыжскіх вуліц. Нядзіўна, што карыкатурысты любяць маляваць яе на ровары. Зрэшты, шанцы Ідальга на тое, каб стаць новым прэзідэнтам Францыі, ацэньваюцца не вельмі высока.

У той час як кандыдат сацыялістаў эксплуатуе тэму экалогіі, кандыдат Зялёных Янік Жадо зацыклівацца на тэме аховы прыроды, як не дзіўна, не збіраецца. Ён заявіў, што мае намер правесці кампанію, выступаючы за экалагічна чыстую платформу з «моцным сацыяльным складнікам». Відавочна, адмаўляючыся ад рэнамэ эколагаў як праціўнікаў мяса і аматараў абдымаць дрэвы, палітык хоча пашырыць сваю сацыяльную базу. Аднак карыкатурысты па-ранейшаму ўпарта выяўляюць Яніка як эколага-дзівака.

Нарэшце, самы незвычайны кандыдат, які ўжо змяшаў усе схемы. Гэта пісьменнік Эрык Зэмур. Ён праціўнік ісламізацыі і выступае за прымусовую асіміляцыю імігрантаў. Не саромеючыся кажа пра заняпад Францыі і яе каланізацыю выхадцамі з Афрыкі і Блізкага Усходу і цвёрда перакананы, што яго радзіма на парозе грамадзянскай вайны паміж карэнным хрысціянскім насельніцтвам і мусульманамі. Праграма ў Эрыка вельмі простая — знішчыць увесь палітычны бамонд Францыі. А разам з ім — ісламізм, фемінізм і ЛГБТ. За адзін месяц яго рэйтынг толькі на чутках аб вылучэнні вырас на 10%, ён абышоў «сістэмных» кандыдатаў у прэзідэнты і ўжо амаль дагнаў Ле Пэн. З улікам росту антыпатый на адрас сістэмы гэта яшчэ не максімум. Між тым прэса актыўна жартуе з ксенафобскіх заяў Зэмура. Так, часопіс Charlie Hebdo прагназуе, што ў выніку перамогі Зэмура ўсё ўзбярэжжа Францыі будзе ператворана ў лінію абароны ад імігрантаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: