МЗС Францыі: высланы пасол дэ Лакост будзе «спецыяльным пасланнікам па Беларусі»

МЗС Францыі назвала скасаванне беларускім бокам дазволу на побыт амбасадара Нікаля дэ Лакоста ў Беларусі «неабгрунтаваным рашэннем» і заявіла аб прыняцці «прапарцыйных мераў у адказ», перадае «Радыё Свабода».

thumbs_b_c_9cc9c856370443fe43b6ad476dbe3c67.jpg


«Гэта неабгрунтаванае рашэнне, прынятае беларускімі ўладамі, вынікае з некалькіх негатыўных рашэнняў, якія скарацілі сродкі дзеянняў нашай місіі ў Мінску, — гаворыцца ў заяве французскага МЗС. — Адпаведна, улады Францыі прынялі прапарцыйныя меры ў дачыненні да беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Францыі, аб чым беларускія ўлады былі праінфармаваныя».
Заява таксама паведамляе, што з 18 кастрычніка спадар Нікаля дэ Лакост возьме на сябе місію «спецыяльнага пасланніка па Беларусі» ў каардынацыі з французскай амбасадай у Мінску, якая працягне працу.
«Францыя, як гэта робіцца са жніўня 2020 года, у цеснай сувязі і ў адпаведнасці з пазіцыямі, вызначанымі з яе партнёрамі ў Еўрасаюзе, будзе працягваць стаяць побач з беларускім народам у падтрымку ўстойлівага палітычнага вырашэння крызісу ў Беларусі», — заключае заява МЗС Францыі.
У адпаведнасьці з агульнай пазыцыяй Эўразьвязу Францыя не прызнае законнасьць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, таму амбасадар Францыі не ўручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, а толькі перадаў іх копію міністру замежных спраў Беларусі.
МЗС Беларусі патлумачыла ад’езд французскага амбасадара тым, што ён не завяршыў працэдуру ўступлення на пасаду, з-за чаго Беларусь апавясціла Парыж аб заканчэнні дзеяння сваёй згоды на яго прызначэнне.