МЗС Беларусі пацвердзіў ад'езд амбасадара Францыі. А Нікаля дэ Лакост звярнуўся да беларусаў
МЗС Беларусі пацвердзіў, што прапанаваў амбасадару Францыі Нікаля дэ Лакосту пакінуць краіну. Французскае знешнепалітычнае ведамства апавясцілі аб заканчэнні беларускага дазволу на прызначэнне пасла. Пра гэта гаворыцца ў каментары МЗС, піша reform.by.
"Па той інфармацыі, якой мы валодаем, ён пакінуў нашу краіну. Спадар дэ Лакост у лістападзе 2020 года заехаў у Беларусь у якасці прызначанага пасла Францыі і ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі ў снежні 2020 года. Аднак пасля кіраўнік французскай дыпмісіі не выказаў гатоўнасці завяршыць прадугледжаную міжнародным правам і агульнапрызнанай практыкай працэдуру ўступлення на пасаду ў якасці надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Рэспубліцы Беларусь», — заявіў прэс-сакратар МЗС.
Пад завяршэннем працэдуры ўступлення на пасаду маецца на ўвазе ўручэнне даверчых грамат Аляксандру Лукашэнку. Нагадаем, краіны ЕС у мінулым годзе адмовіліся прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
"У сувязі з гэтым мы былі вымушаныя паведаміць французскім партнёрам аб заканчэнні выдадзенага раней беларускімі ўладамі тэрміну згоды на яго прызначэнне", — растлумачыў Глаз.
Ён таксама паведаміў, што амбасадар нашай краіны ў Парыжы Ігар Фісенка адкліканы ў Мінск для кансультацый.
Нагадаем, пра ад'езд амбасадара Францыі СМІ стала вядома ўчора. Да гэтага афіцыйны Мінск адклікаў дазвол амбасадара ЗША Джулі Фішэр.
Сёння на сайце амбасады Францыі з'явілася пасланне пасла Нікаля дэ Лакоста беларускаму народу
«Дарагія сябры! Дазвольце мне сёння адправіць вам развітальнае пасланне. Нам з жонкай, на жаль, давядзецца пакінуць Беларусь. Як вы ведаеце, Францыя не прызнала вынікі выбараў 9 жніўня 2020 года, і я не ўручаў свае даверчыя граматы.
Мы правялі тут цяжкія, але незабыўныя дні. У нас было шмат цікавых сустрэч і адкрыццяў. Мы сустрэлі шмат смелых і моцных духам людзей. Мы з жонкай адкрылі для сябе шчодрасць Беларусі і беларусаў. Вы назаўжды застанецеся ў нашых думках. Ведайце, што мы застанемся побач з вамі. Мы заклікаем вас ніколі не губляць надзею на лепшыя дні. Убачымся хутка!» — гаворыцца ў пасланні.