Facebook выдаліў сотні старонак і ўліковых запісаў за распаўсюд фэйкавых навінаў
Адзін з выдаленых акаўнтаў — папулярная сярод прыхільнікаў Трампа старонка Nation In Distress. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Голас Амерыкі.
Кампанія Facebook паведаміла ў чацвер аб выдаленні больш 800 старонак і ўліковых запісаў, уладальнікі якіх распаўсюджвалі палітычны спам і фэйкавыя навіны. Большая частка гэтых акаўнтаў была зарэгістраваная ў ЗША.
Сацыяльная сетка адмовілася ўдакладніць назвы 559 старонак і 251 уліковага запісу па запыце службы навін «Галасу Амерыкі». Паводле інфармацыі газеты Washington Post, у лік выдаленых акаўнтаў трапіла старонка, папулярная сярод прыхільнікаў Дональда Трампа Nation in Distress («Краіна ў бядзе»). У гэтай старонкі было больш за тры мільёны падпісчыкаў.
У кіраўніцтве Facebook заявілі, што многія ўладальнікі выдаленых старонак і ўліковых запісаў публікавалі палітычныя матэрыялы з гучнымі загалоўкамі, якія вялі карыстальнікаў на вэбсайты, на якіх таксама друкавалася палітычная рэклама.
«Многія звярталіся да такіх жа метадаў для таго, каб стварыць ілжывае адчуванне папулярнасці іх кантэнту, апублікаванага ў Facebook. Іншыя старонкі былі так званымі "рэкламнымі фермамі", уладальнікі якіх выкарыстоўвалі Facebook для ўвядзення людзей у зман — іх наводзілі на думку аб тым, што яны ўдзельнічаюць у форумах, на якіх адбываюцца... палітычныя дэбаты», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кампаніі.
У Facebook сцвярджаюць, што навінныя матэрыялы і аўтарскія калонкі, якія публікаваліся на выдаленых старонках і акаўнтах, часта «былі не адрозныя ад законных палітычных дэбатаў» напярэдадні прамежкавых выбараў 2018 году.
У мінулым Facebook выдаліў дзясяткі старонак, якія распаўсюджвалі фэйкавыя навіны. Многія з гэтых старонак былі створаны ў Іране і Расіі — краінах, якія варагуюць са Злучанымі Штатамі. Гэтым разам, па словах прадстаўнікоў кампаніі, большасць выдаленых старонак і акаўнтаў мелі амерыканскае паходжанне.