Фюле: Мытны саюз падрывае суверэнітэт асобных краін
Камісар ЕС па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле лічыць, што Мытны саюз, створаны Расіяй, Беларуссю і Казахстанам, падрывае суверэнітэт асобных краін.
Пра гэта ён заявіў у Брусэлі на сумесным падыходзе да прэсы з віцэ-прэм'ер-міністрам Украіны Уладзімірам Гройсманам і кіраўніком Еўрапейскага камітэта рэгіёнаў Рамонам Луісам Валькарселем.
Паводле слоў Штэфана Фюле, Мытны саюз будуецца на эканамічных і гандлёвых адносінах, якія базуюцца на субсідыях, што кантралююцца "Газпромам" і Крамлём. "Палітычнае супрацоўніцтва грунтуецца на патрабаваннях Масквы. І падзеі ў Крыме, незаконны рэферэндум і анкксія, пра што я моцна шкадую, яшчэ адзін доказ таго", — сказаў камісар ЕС, паведамляе "ЕС-плюс".
Пры гэтым Штэфан Фюле падкрэсліў, што прапанаванае Украіне Еўрапейскім Саюзам пагадненне аб асацыяцыі павінна наадварот узмацніць суверэнітэт краіны і спрыяць неабходным эканамічным і палітычным
рэформам.