ФСБ не пусціла ЛГБТ-актывістаў у «горад, вольны ад геяў»
Супрацоўнікі ФСБ затрымалі групу ЛГБТ-актывістаў і карэспандэнта тэлеканала "Дождь", якія спрабавалі ўехаць у закрыты горад Светагорск Ленінградскай вобласці.
Двое затрыманых пры ўездзе вызваленыя, яшчэ чацвёра актывістаў і карэспандэнт, затрыманыя ўжо ў горадзе, застаюцца ў мясцовым аддзяленні ФСБ.
Як паведамляе партал "ОВД-Инфо" са спасылкай на маскоўскую актывістку Ірыну Яцэнка, усяго ў горад паехалі шасцёра актывістаў і карэспандэнт тэлеканала "Дождь".
У Светагорску дзейнічае асаблівы рэжым допуску. Для таго, каб заехаць у горад, патрэбная альбо адкрытая шэнгенская віза, альбо імянное запрашэнне ад жыхара горада. У актывістаў гэтых дакументаў не было.
Барыса Канакова і Андрэя Патапава знялі з аўтобуса на прапускным пункце ў ходзе выбарачнай праверкі дакументаў. Яшчэ чацвёра актывістаў і карэспандэнт тэлеканала "Дождь" паехалі далей. Як сцвярджае актывістка Ірына Яцэнка, паліцыянты спецыяльна шукалі ЛГБТ-актывістаў, якія прыбылі на аўтобусе, на вуліцах горада.
Цяпер чацвёра актывістаў: Ірына Сігава, Аляксей Назараў, Аляксей Сяргееў, Кацярына Белакрыс і карэспандэнт "Дажджу" Яўгенія Зобніна знаходзяцца ў аддзяленні ФСБ. Па словах Ірыны Яцэнка, звязацца з імі не ўдаецца. Актывістам могуць быць высунуты абвінавачанні ў парушэнні памежнага рэжыму.
Знятыя з аўтобуса актывісты Барыс Канакоў і Андрэй Патапаў адпушчаныя пасля гутаркі.
У пачатку сакавіка кіраўнік адміністрацыі Светагорску Сяргей Давыдаў абвясціў горад "свабодным ад геяў". Пасля гэтага ЛГБТ-актывіст Аляксей Назараў прапанаваў кіраўніку горада арганізаваць у Светагорску гей-турызм і гей-парад.
На мінулых выходных Давыдаў зноў звярнуў на сябе ўвагу СМІ, заявіўшы, што ў горадзе "заміратачыў бюст Леніна".
ЛГБТ-актывісты, якія накіроўваліся ў горад, хацелі сустрэцца з Давыдавым. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, у адказ на пытанне пра мэту паездкі адзін з актывістаў адказаў, што хоча "заявіць пра сваё існаванне".
Паводле ВВС