Германія. Як патрапіць на вялікі экран
У Германіі патрапіць на вялікі экран вельмі проста. Для гэтага трэба патрапіць у шэрагі актывістаў правапапулісцкіх партый.
Апошнім часам
мясцовая кінаіндустрыя вырашыла далучыцца да кампаніі супраць росту папулярнасці
правых папулістаў. На экраны тэлевізіі і кіно канвеерам выходзяць мастацкія фільмы
або серыялы, якія распавядаюць пра пагрозу з боку партый накшталт «Альтэрнатыва
для Германіі» (AfD). Іх назвы кажуць самі за сябе: «Цёмны час», «Я яшчэ ніколі
не забіваў», «Дэмакратыя памірае ў цемры».
Прычым, каб асабліва не напружвацца, рэжысёры капіююць рэальных актывістаў AfD. Так, у фільме «Цёмны час» лідар выдуманай партыі «Новыя патрыёты» відавочна спісаны з фігуры Фраўке Петры — адной з кіраўнічак AfD.
Яшчэ далей пайшлі стваральнікі фільма «Я ніколі не забіваў», дзе верхавод правых папулістаў — копія «альтэрнатыўшчыка» Аляксандра Гаўланда.
Нягледзячы на такі трэнд, Гаўланд і Петры не спяшаюцца бегчы ў суд. Яны спадзяюцца, што іх аватары спадабаюцца немцам, паколькі на экране ім супрацьстаяць панкі, гомасексуалісты, мусульмане і іншыя непадобныя да звычайных бюргераў асобы.
Паводле нямецкай
прэсы