Германія. Ствараецца партыя еўраскептыкаў
Прыхільнікі выхаду Германіі з зоны еўра намагаюцца паспець сфармаваць да прызначаных на верасень выбараў у Бундэстаг сваю партыю. Партыю плануецца назваць «Альтэрнатыва для Германіі», яе заснавальнікамі выступілі грамадзянскія арганізацыі папулісцкага накірунку.
У панядзелак, 18 сакавіка, у Берліне партыя была прэзентавана грамадскасці, а на 14 красавіка запланаваны ўстаноўчы з'езд «Альтэрнатыва для Германіі».
Цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка да ўстаноўчага з’езду, на якім плануецца аформіць усё неабходнае для рэгістрацыі, і ў тым ліку прыняць праграму. Галоўны лозунг нямецкіх еўраскептыкаў — выхад Германіі з еўрапейскага валютнага саюза і вяртанне нямецкай маркі. Хапае таксама патрабаванняў супраць нелегалаў і сэксуальных меншасцяў.
Гэта не першая спроба стварыць нейкую салідную групу, больш правую за хрысціянскіх дэмакратаў, якія дамінуюць на нямецкім правым флангу. Аднак мінулыя праекты аказаліся маргінальнымі. Зараз крызіс, быццам, стварыў электаральны гумус для нараджэння такой партыі, аднак цяжка сказаць, што атрымаецца ў выніку.
Перспектывы шмат у чым будуць залежаць ад таго, ці падтрымае «Альтэрнатыву для Германіі» папулярны ў ФРГ рух «Вольныя выбаршчыкі», які аб’ядноўвае рознага кшталту камунальныя грамадзянскія ініцыятывы, што, як правіла, мабілізуюцца падчас выбараў. Апошнім часам гэты рух перажывае крызіс ідэнтычнасці і, на думку палітолагаў, мог бы стварыць базу для партструктур «Альтэрнатывы для Германіі». З іншага боку, прыходзіць інфармацыя, што паўсюль, акрамя Баварыі, «Вольныя выбаршчыкі» трымаюць дыстанцыю ад аргкамітэта новай партыі.
Паводле нямецкай прэсы