Генпракуратура Украіны высветліла асобы 25 забойцаў Нябеснай сотні
Следства ідэнтыфікавала 24 кулі, канфіскаваныя з целаў параненых і загінулых на Майдане. Пра гэта ў эфіры hromadske.tv заявіў пракурор Упраўлення спецрасследаванняў Генеральнай пракуратуры Украіны Раман Псюк.
«Бок абвінавачвання мае дадзеныя пра тое, дзе былі выяўленыя кулі ў целах. Мы дакладна ведаем, з чыёй зброі гэтыя кулі былі выпушчаныя. Гэта значыць, са зброі якіх асоб гэтыя кулі былі выпушчаныя. Гэтыя прозвішчы намі высветленыя».
Паводле Псюка, кулі былі выяўленыя як непасрэдна ў целах загінулых, гэтак і на тэрыторыі месца трагедыі: у фасадах дамоў, на газонах, у ствалах дрэваў.
«Устаноўлена дваццаць пяць асобаў: васямнаццаць байцоў спецроты «Беркут», два камандзіры, якія таксама ў вышуку. І пяць чалавек, якія цяпер знаходзяцца пад вартай. Двое — справа ў Святошынскім судзе, яшчэ трое — справа сёння скончаная».
У інтарэсах следства імёны затрыманых і падазраваных не называліся.
8 лютага стала вядома, што праваахоўныя органы Украіны знайшлі знайшлі ў вадаёме пад Кіевам аўтаматы і снайперскія вінтоўкі, з якіх у лютым 2014 года расстрэльвалі актывістаў Рэвалюцыі годнасці, у тым ліку беларуса Міхаіла Жызнеўскага.