Германія. Апазіцыя прадставіла першую лэдзі ФРГ

Пеер Штайнбрук, кандыдат на пасаду канцлера ад сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (SPD), упершыню з’явіўся на публіцы са сваёй жонкай Гертрудай.



1186502_original.jpg

Пеер Штайнбрук

Адбылося гэта падчас сталічнай канферэнцыі эсдэкаў. У сваім выступе Пеер растлумачыў, нашто было цягнуць далёкую ад тэмы палітыкі Гертруду ( яна працуе выкладчыцай біялогіі ў нейкай гімназіі) на партыйнае мерапрыемства. Па яго словах, ён хацеў прадэманстраваць з дапамогай другой паловы, наколькі ў яго ў жыцці ўсё добра, у тым ліку ў сям’і. Аднак гэта не дае яму падстаў, каб сядзець склаўшы рукі. Трэба, як сказаў Штайнбрук, ісці далей.

Кандыдат быў настолькі ўсхваляваны на той сустрэчы, што нават не стрымаў слёз. Праўда, калі меркаваць па апытаннях, эмоцыі не ўразілі электарат. Цяперашні рэйтынг сацыл-дэмакратаў адзін з самых нізкіх за ўсю гісторыю — за 100 дзён да дня выбараў планка папулярнасці SPD не больш за 23 працэнты. Па ўсіх апытаннях трыумфальна лідзіруюць хрысціянскія дэмакраты пад кіраўніцтвам Ангелы Меркель з 40 працэнтамі.

Аднак, калі ў Бундэстаг не пройдуць свабодныя дэмакраты — цяперашнія партнёры кансерватараў па кааліцыі, партыя Меркель можа не мець большасці і права фармаваць кабінет. У такім выпадку не выключана стварэнне чырвона-зялёнага ўраду (SPD плюс Зялёныя). Адным словам, Гертруда Штайнбрук яшчэ мае шанс стаць першай лэдзі Германіі.

Паводле нямецкай прэсы