«Група сяброў Пуціна» ў Еўрапарламенце развалілася

У чацвер з фракцыі крайніх правых ў Еўрапейскім парламенце, EFDD (Еўропа за свабоду і прамую дэмакратыю), выйшла прадстаўніца Латвіі. Яе выхад азначае, што група EFDD павінна спыніць сваё існаванне, паколькі зараз яна не задавальняе патрабаванням ЕП.



ep2.jpg

Аб выхадзе латвійскага дэпутата Івэты Грыгул з EFDD абвясціў прэзідэнт Еўрапейскага парламента Марцін Шульц, перадае Украінская праўда.

У групу EFDD уваходзяць радыкальныя правыя партыі, пераважная большасць якіх трапіла ў ЕП ўпершыню. Група галасавала супраць ратыфікацыі Пагаднення аб асацыяцыі з Украінай, а яе прадстаўнікі не хаваюць сваёй лаяльнасці да Крамля.

Лідэр групы Найджэл Фарадж называў Пуціна «лідэрам, які выклікае захапленне».

Усе члены групы з’яўляюцца «еўраскептыкамі», пераважная большасць выказваецца за выхад іх краінаў з ЕС.

Па рэгламенце ЕП палітычныя групы (фракцыі) павінны складацца з як мінімум 25 дэпутатаў, якія прадстаўляюць як мінімум 8 краін ЕС. EFDD да гэтага часу адпавядае першаму крытэру, у ёй засталося 48 членаў (усяго ў ЕП 751 дэпутат). У той жа час, лік прадстаўленых краін зменшыўся да сямі.

У выпадку, калі EFDD не вырашыць праблему ў кароткі тэрмін, яна будзе ліквідаваная, а рэгламентныя паўнамоцтвы «сяброў Пуціна» ў Еўрапарламенце паменшацца.