Хто такі Мішэль Барнье — новы прэм'ер Францыі. Дасье ў карыкатурах

Макрону прыйшлося прызначыць прэм'ер-міністра — праз два месяцы пасля пазачарговых выбараў, на якіх яго ўласны цэнтрысцкі альянс страціў месцы ў парламенце, а правае "Нацыянальнае аб'яднанне" Марын Ле Пэн і альянс левых партый не змаглі атрымаць абсалютнай большасці і самастойна сфарміраваць урад. Увесь гэты час пасля выбараў краінай кіраваў стары ўрад, які не меў падтрымку парламента.

1_1056.jpg

Не дзіўна, што прэса любіла называць Макрона «ўзурпатарам» і «аўтакратам». А карыкатурысты ў сваю чаргу любілі маляваць як прэзідэнт парушае прынцыпы рэспублікі.

І вось урэшце Макрон вырашыўся. Прэзідэнт Французскай Рэспублікі прызначыў Мішэля Барнье, былога еўракамісара, на пасаду прэм'ер-міністра, і даручыў яму «сфарміраваць урад адзінства, каб служыць краіне», — паведаміў Елісейскі палац. Газета Charlie Hebdo пракаментавала рашэнне Макрона наступнай карыкатурай з подпісам «Два месяцы на гэта!» Выданне смяецца з таго, што Макрон столькі часу выдаткаваў на прызначэнне новага прэм'ера, а нарадзіў у выніку Мішэля Барнье, які прайграў апошнія выбары!

2_948.jpg

Хто такі новы прэм'ер Францыі? 73-гадовы Барнье — ветэран кансерватыўнай партыі Францыі «Рэспубліканцы» (LR). Ён таксама працаваў у структурах Еўрасаюза і найбольш вядомы тым, што кіраваў перамовамі аб умовах выхаду Вялікабрытаніі з ЕС у 2016-2019 гадах. Менавіта тады ён трапіў у фокус карыкатурыстаў. На гэтай карыкатуры высмейвалася, як Барнье вядзе дыялог з брытанскім прэм'ерам Тэрэзай Мэй.

3_820.jpg

Такім чынам, палітычны крызіс скончыўся. Але французы не спяшаюцца радавацца. Пакуль незразумела, ці зможа ўрад Барнье заручыцца даверам дэпутатаў парламента. Найбуйнейшыя фракцыі — правая Марын Ле Пен і левы Жан-Люк Меленшон не ў захапленні ад таго, што прэм'ер быў прызначаны без кансультацый з дэпутатамі. Марын Ле Пэн ужо адмовілася ўваходзіць у кабінет. А блізкае да яе партыі выданне Valeurs Actuelles публікуе карыкатуру, на якой новы прэм'ер уваходзіць у рэзідэнцыю, дзе на кожным куце кактусы, з паветраным шарыкам. Мастак відавочна намякае на слабасць новага ўрада.

4_725.jpg

Яшчэ далей пайшоў лідар партыі левых Жан-Люк Меленшон, які ўваходзіць у левы альянс «Новы народны фронт» (ННФ), што заняў першае месца ў галасаванні. Палітык катэгарычна заявіў: «Прэм'ер-міністр будзе не з “Новага народнага фронту”, які заняў першае месца на выбарах… Такім чынам, выбары былі скрадзеныя ў французскага народа». Тое, як Макрон абышоўся з Меленшонам, таксама тэма карыкатур.

5_668.jpg

Больш за тое, левыя ўжо пачалі выводзіць людзей на вуліцы. 7-га верасня ў Парыжы прайшла першая масавая маніфестацыя супраць кандыдатуры на пасаду прэм'ера. І, трэба сказаць, дастаткова шматлюдная. Газета The Sunday Times (Вялікабрытанія) адрэагавала на іх карыкатурай. Брытанскі мастак малюе Макрона самотным напалеончыкам на востраве Святой Алены сярод бушуючага акіяна пратэстуючых французаў. Адным словам, здаецца, пакуль крызіс працягваецца.

6_499.jpg