Еўрапарламент ратыфікаваў пагадненне аб асацыяцыі з Малдовай

Гэта адбылося незадоўга да парламенцкіх выбараў у гэтай краіне.



europarliament.jpg

Літоўскі дэпутат Пятрас Аўстрэвічус — аўтар дакладу па Малдове — лічыць, што ратыфікацыя пагаднення – гэта кульмінацыя дзеянняў, якія Малдова прадпрымала цягам апошніх 10 гадоў. "Сёння пачынаецца новая еўрапейская будучыня Малдовы і яе грамадзянаў. Будучыня, якая заўсёды была Малдове наканаваная. Няма ніякіх сумневаў, што гэта еўрапейская краіна і частка еўрапейскай культуры. Малдова заслугоўвае гэты гістарычны крок”, — сказаў літоўскі еўрадэпутат. 

Ён дадаў, што набліжэнне Малдовы і Еўрасаюза не з'яўляецца ніякай пагрозай для эканамічных і палітычных інтарэсаў Расіі. Ратыфікацыя пагаднення ў Еўрапарламенце адбылася незадоўга да парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у Малдове 30 лістапада. "У будучыні ЕС гатовы працягваць супрацу з дэмакратычна абраным урадам”, — сказаў новы камісар ЕС па справах палітыкі добрасуседства Ёханэс Хан. Ён дадаў, што менавіта ў Кішынёў ён плануе накіравацца са сваім першым афіцыйным візітам.

Паводле Беларускай службы Польскага радыё