Камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША прыняў рэзалюцыю з заклікам узмацніць санкцыі супраць Беларусі
Камітэт па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ў чацвер аднагалосна ўхваліў рэзалюцыю з заклікам узмацніць уведзеныя раней санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Тэкст рэзалюцыі апублікаваны на сайце Кангрэса ЗША.
Рэзалюцыя не мае юрыдычнай сілы і носіць рэкамендацыйны характар.
Вось некалькі канкрэтных мер, прапанаваных у рэзалюцыі:
- Заклік да далейшых адрасных санкцый, узгодненых паміж ЗША, Еўрасаюзам, Вялікабрытаніяй, Канадай, іншымі саюзнікамі і партнёрамі ЗША, у дачыненні да беларускіх улад.
- Па ўзгадненні з трансатлантычнымі партнёрамі разгледзець увядзенне санкцый супраць беларускіх дзяржаўных кампаній, якія парушалі правы сваіх работнікаў у сувязі з іх удзелам у дэмакратычным руху ў Беларусі.
- Заклік трансатлантычнай супольнасці перагледзець любую фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі, уключаючы кантракты на закупкі.
Рэзалюцыя таксама заклікае да неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых па палітычных матывах, да міжнароднага расследавання парушэнняў правоў чалавека падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і да новых свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам АБСЕ.
У дакуменце таксама ў чарговы раз падкрэсліваецца, што прэзідэнцкія выбары ў мінулым годзе ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі і ЗША не прызнаюць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі.
tut.by