Казахстан. Абраны новы муфцій
У Казахстане на Курултаі мусульман аднагалосна абраны новы духоўны кіраўнік. Ім стаў Ержан Маямераў, якому ўсяго 40 гадоў. Раней ён кіраваў мусульманамі Сяміпалацінску, а рэлігійную адукацыю атрымаў у Егіпце.
Натуральна, прызначэнне выклікала шмат версій. Як вядома, сітуацыя з ісламам у краіне няпростая. Апошнімі часамі ўзніклі першыя ісламскія фундаменталісцкія і нават тэрарыстычныя групоўкі. У выніку прайшла перарэгістрацыя ўсіх абшчынаў. Менавіта тое, што Абсатар Дзербісалі, папярэдні муфцій, не змог сваім аўтарытэтам утрымаць вернікаў ад захаплення новымі дэструктыўнымі тэорыямі, і называюць чыннікам яго адстаўкі. Акрамя таго, і адміністратар з яго кепскі, паколькі кар’еру ён зрабіў у савецкі час як знавец ісламу.
Тое, як хутка Абсатар Дзербісалі адмовіўся ад пасады (па яго словах, такое рашэнне ён прыняў пасля размовы з казахскім прэзідэнтам), яшчэ раз засведчыла поўную залежнасць рэлігійных устаноў ад дзяржавы ў Казахстане. Не дарма кіраўнік краіны, звяртаючыся да муфція, паставіў перад ім задачу: узяцца за выданне фетваў у рамках законаў шарыяту па актуальных пытаннях у грамадстве і актыўна працаваць з моладдзю.
Паводле казахскай прэсы