«Казалі, што мы — агрэсары, а такія людзі ў Польшчы непатрэбныя». У Варшаве збілі беларускага музыку

Беларус Антон Жыванаў, былы басіст гурта «The Toobes», які амаль дзесяць гадоў жыве ў Польшчы, быў збіты ў цэнтры Варшавы 1 ліпеня. Прычынай збіцця стала нацыянальнасць Антона, піша «Белс*т» са спасылкай на польскі Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў.

Збіты музыка Антон Жыванаў. Фота: facebook.com

Збіты музыка Антон Жыванаў. Фота: facebook.com


Антон Жыванаў бавіў час у цэнтры польскай сталіцы разам са сваімі знаёмымі, яны размаўлялі па-руску, калі да іх падышлі некалькі палякаў, піша Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў. Паводле Антона, палякі былі добра апранутыя, выглядалі як супрацоўнікі нейкай карпарацыі.
«Яны селі побач з намі і пачалі пытаць: "Чаму вы ў прызыўным узросце, але не ў войску? Чаму не бароніце ўласны край?" Яны думалі, што мы з Украіны. Я сказаў, што мы з Беларусі. Ім гэта яшчэ больш не спадабалася. Казалі, што мы — агрэсары, і такія людзі ў Польшчы не патрэбныя», — расказвае Антон.
Беларусы спрабавалі патлумачыць, што яны ўцяклі са сваёй краіны праз пераслед, што не падтрымліваюць Лукашэнку, але плёну гэтае тлумачэнне не прынесла.
Антона ўдарылі ў твар кулаком з нечым накшталт кастэту. Мужчына страціў прытомнасць.
Паліцыя цяпер вывучае відэазапісы з месца здарэння.
«Цягам двух гадоў рэпутацыя Беларусі ў Польшчы была цалкам знішчаная, — кажа Антон. — Сёння выхад у цэнтр Варшавы можа быць звязаны з нападам толькі з прычыны ўжывання рускай мовы».