Кіеў перадаў замежным спецыялістам вынікі экспертызаў у справе смерці Віталя Шышова

Самі вынікі пакуль не публікуюць, удакладняе «Радыё Свабода».

Акцыя памяці Віталя Шышова ў Адэсе

Акцыя памяці Віталя Шышова ў Адэсе

Кіеўская гарадская пракуратура атрымала вынікі асноўных судова-медычных экспертызаў у справе пра смерць кіраўніка «Беларускага дому ва Украіне» Віталя Шышова і перадала іх на вывучэнне замежным экспертам.
«Атрыманне вынікаў асноўных экспертызаў дазволіла выдаць цела для пахавання», — паведамілі ў прэсавай службе Кіеўскай гарадской пракуратуры, якая ажыццяўляе працэсуальнае кіраўніцтва расследаваннем гэтай справы.
Як вынікае з адказу пракуратуры, следчыя не перакваліфікавалі артыкулы, паводле якіх расследуюць гэтую справу. Дагэтуль афіцыйныя версіі — самагубства або забойства з імітацыяй самагубства.
«Атрыманыя вынікі экспертызаў перакладзеныя і накіраваныя на вывучэнне замежным экспертам. На гэты час дасудовае расследаванне ў крымінальнай вытворчасці працягваецца паводле той жа кваліфікацыі», — дадалі ў пракуратуры.
6 верасня міністр унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што следства ў справе аб смерці Віталя Шышова ўжо вызначылася з версіяй трагедыі.
Пра гэта Дзяніс Манастырскі заявіў у інтэрв'ю агенцтву «Інтерфакс-Україна», адказваючы на пытанне, ці зразумела ўжо, што гэта было — самагубства ці забойства.
Раней следчыя паведамілі, што ў справе аб смерці Віталя Шышова пацярпелым бокам прызналі яго блізкага сваяка, якому дазволяць азнаёміцца з матэрыяламі расследавання, а да правядзення экспертызаў далучылі замежных спецыялістаў з Літвы.
Віталя Шышова пахавалі 26 верасьня на Паўночных могілках Кіева.