Кіеў запускае працэс па вяртанні Крыма

Украіна мае намер ужо ў гэтым годзе запусціць дыпламатычную ініцыятыву па вяртанні Крыма, заявіла падчас эканамічнага форуму ў Давосе міністр фінансаў Украіны Наталля Ярэська.



ukr_krym.jpg

Кіраўнік Мінфіна Украіны адзначыла, што ўлады краіны маюць намер у бліжэйшы час запусціць ініцыятыву па вяртанні Крыма. Паводле яе слоў, Кіеў разлічвае на нешта большае, чым фармат жэнеўскіх перамоў, перадае РБК.

«Мы не згодныя [з тым], што Крым сышоў. У гэтым годзе мы сапраўды пачынаем актывізаваць працэс па вяртанню Крыма», — заявіла Ярэська.

Яна ўдакладніла, што Кіеў плануе стварыць дыпламатычны форум накшталт жэнеўскага фармату, у які ўваходзілі Расія, Украіна, Еўрасаюз і ЗША.

Як піша «Украінская праўда», Пётр Парашэнка падпісаў указ аб стварэнні службы па дэакупацыі Крыма.

Указам зацверджана абноўленая структура Прадстаўніцтва, у якой прадугледжаны, сярод іншых, служба па працы з грамадзянамі, якія перасяліліся з часова акупаванай тэрыторыі, служба міжнародных сувязяў і служба па пытаннях рэінтэграцыі і дэакупацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым.

Парашэнка даручыў Прадстаўніцтву спрыяць захаванню канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, якія пражываюць на часова акупаваным паўвостраве або перасяліліся на мацерыковую частку Украіны.

Акрамя таго, структура павінна больш актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы стратэгічных праграм па вяртанню часова акупаванай тэрыторыі пад агульную юрысдыкцыю Украіны. Прадстаўніцтва прэзідэнта ў АРК, згодна з указам, будзе часова размяшчацца ў Херсоне.

Раней Пётр Парашэнка падчас выніковай прэс-канферэнцыі па падзеях 2015 года заявіў, што для краіны застаецца прыярытэтным пытанне аб вяртанні Данбаса і Крыма. Парашэнка таксама казаў аб неабходнасці стварэння новага фармату міжнародных перамоў па гэтым пытанні.

Нагадаем, у сакавіку 2014 года ў Крыме прайшоў рэферэндум пад кантролем «зялёных чалавечкаў», пасля якога паўвостраў увайшоў у склад Расіі. Украіна і многія краіны Захаду не прызнаюць вынікі рэферэндуму і называюць яго незаконным, Масква гэтыя абвінавачванні неаднаразова адхіляла.