Кіраўнік МУС Польшчы пра затрыманне беларуса: гэта вынік палітычнага выкарыстання чырвонай ноты «Інтэрпола»
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі пракаментаваў інфармацыю пра затрыманне беларуса Макарыя Малахоўскага ў польскім Пясечне.
«Учарашняе затрыманне грамадзяніна Беларусі ў Пясечне — вынік чарговай спробы палітычнага выкарыстання так званай чырвонай ноты "Інтэрпола". На гэты раз беларускім рэжымам. Ужо ў ліпені я звярнуўся да ўлад "Інтэрпола", паказаўшы на неабходнасць змен у гэтай сферы», — напісаў ён у Twitter.
Нагадаем, 27-гадовы грамадзянін Беларусі быў затрыманы ў гміне Пясечна Ніжнесілезскага ваяводства ўчора. Паводле інфармацыі паліцыі, мужчына знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі і таксама ў вышуку «Інтэрпола», таму і было прынята рашэнне аб затрыманні. Пытанне пра далейшыя дзеянні ў дачыненні да яго будзе вырашаць акруговы пракурор, які кантралюе справу. Паводле слоў кіраўніка «Беларускага дома ў Варшаве» Алеся Зарэмбюка, затрыманага маладога чалавека клічуць Макарый Малахоўскі, ён пакінуў Беларусь вымушана праз рэпрэсіі і знаходзіцца ў Польшчы па гуманітарнай візе з лістапада 2020 года. Арыштавалі яго па запыце беларускай пракуратуры.
reform.by